Сярод хваёвага лесу стаіць маленькая вёска з прыгожаю назваю Лясная Паляна. Жыве на яе ўскраіне ў старым доме зь бярвеньня мастак Сяргей Максімовіч, або, як з павагаю называюць яго аднавяскоўцы, Максімовіч. Нарадзіўся ён тут, але зьехаў у юнацтве вучыцца ў сталіцу, дзе і ўладкаваў сваё жыцьцё. І вось на старасьці гадоў пацягнула назад у родныя мясьціны. Пакінуўшы ўтульную кватэру ў месьце дзецям, пераехаў Максімовіч у бацькоўскую хату. Летам у вёсцы было вельмі людна. А ўзімку зьехалі старыя вяскоўцы да дзяцей у места. І застаўся Максімовіч адзін у апусьцелай вёсцы. Штодня станавілася ўсё халадней. Але мастак не з палахлівых людзей быў, холад і маразы яго ня страшылі. Дый дзе ж столькі прыгожых зімовых пэйзажаў убачыш, як ня ў вёсцы, а асабліва ў лесе. Самі просяцца на палатно, толькі не лянуйся – малюй. Як ні адгаворвалі яго дзеці, Максімовіч цьвёрда вырашыў зімаваць.
Неяк у адзін зь лістападаўскіх вечароў прыехаў да яго ў госьці сын Іван. З-за пазухі курткі ён дастаў мілае рудое кацяня і працягнуў бацьку са словамі: «Вось падабраў па дарозе гаротніка. Можа, прытуліш? Удваіх усё-такі весялей зімаваць будзе!» Так у доме Максімовіча зьявіўся вусаты кватарант.
Зіма выдалася зацяжной і халоднаю. Сьнегапады зьмяняліся моцнымі маразамі. Доўгімі зімовымі вечарамі, седзячы ў мяккім крэсьле, Максімовіч ласкава гладзіў кацяня, якое ляжала ў яго на каленях. А Рыжык, заплюшчыўшы ад задавальненьня вочкі, вуркатаў яму свае каціныя песенькі, ад чаго на душы ў мастака станавілася радасна і спакойна. Як усе кацяняты, Рыжык любіў пасваволіць. У вольны ад сну час ён ганяў па хаце клубкі, шрубы ды іншыя дробныя забаўкі. А пасьля залазіў на цёплы ляжак печы і засынаў. У гэтыя хвіліны часовага зацішша, Максімовіч браў у рукі аловак і пачынаў рысаваць Рыжыка. Ад спакойнага і сытага жыцьця кацяня хутка расло і ўжо да канца зімы ператварылася ў моцнага ярка-рудога маладога ката. Рыжык быў незвычайна цікаўны і любіў шпацыраваць апусьцелаю вёскаю. Спачатку ён гэта рабіў сьледам за Максімовічам, а потым і самастойна. Здаралася, і на некалькі дзён дзесьці зьнікаў. Нагуляўшыся ўволю, брудны і схуднелы, Рыжык вяртаўся дадому, дзе атрымліваў вымову ад гаспадара і порцыю ўлюбёнага корму. Максімовіч ня мог нацешыцца з Рыжыка. А яшчэ зусім малады кот выявіўся прыродным паляўнічым! У сваім доме грызуноў вывеў, а потым і ў апусьцелыя хаты падаўся. У бязьлюднай вёсцы ён адчуваў сябе абсалютным гаспадаром.
Зь вясновым сонейкам у вёску вярнулася жыцьцё. Двары зноў напоўнілася людзкімі галасамі. У суседні дом прыехала сям’я пэнсіянэраў разам са сваім гадаванцам – чорным катом Арнольдам. Мескі кот важна разгульваў уздоўж плота свайго дому да часу, пакуль яго не заўважыў Рыжык. Убачыўшы няпрошанага госьця, ён здранцьвеў. Хто гэта асьмеліўся разгульваць па ягонай тэрыторыі? І з баявым лямантам Рыжык як зь перуна кінуўся на ворага. Каты счапіліся. Драпаючы адзін аднаго кіпцюрамі, яны нема лямантавалі, рвалі адзін аднаго зубамі, качаліся ў пыле. Піск стаяў на ўсю вёску. На шум з дому выскачыў Максімовіч зь вядром вады. Халодны душ хутка астудзіў запал тых, хто біўся, і прымусіў разьбегчыся ў розныя бакі. Некалькі дзён праціўнікі сядзелі па сваіх дамах і залізвалі баявыя раны. Больш за ўсё ў бойцы дасталася Рыжыку – непрыяцель парваў яму вуха. Дый гаспадар у выхаваўчых мэтах пару разоў пад хвост венікам перахрысьціў. Але перамога ўсё ж засталася за Рыжыкам. Арнольда павезьлі назад у места, і ў вёсцы ён больш не зьяўляўся. А Рыжык за свае баявыя заслугі атрымаў ад гаспадара новую мянушку – Рыжык Ірванае Вуха.
Прыйшло гарачае лета. Сонца бязьлітасна пякло, высушыла зямлю і выпаліла траву. І толькі начны халадок даваў невялікі перадых ад сьпёкі. У адну зь ліпеньскіх начэй мастак прачнуўся ад гучнага мяўканьня. Рыжык неспакойна бегаў па падаконьні і нема крычаў. Дзіўныя паводзіны ката ўсхвалявалі Максімовіча. Выглянуўшы вонкі, ён на хвіліну аслупянеў… З вокнаў пустога суседзкага дому вырываліся языкі пунсовага полымя. Агонь разгараўся і шыпеў, страляючы ў неба чырвонымі іскрамі. Па сухой траве на ўсе бакі разьбягаліся залацістыя зьмейкі агню. Марудзіць было нельга, і Максімовіч кінуўся да тэлефона. Выклікаўшы пажарнікаў, ён схапіў вёдры і выбег надвор. Да прыезду машынаў уся вёска прачнулася. Жыхары дружна дапамагалі пажарнікам. Калі агонь спынілі, усе падзякавалі Максімовічу. Каб не ягоны своечасовы выклік, то ўсё б скончылася больш трагічна. Падступнае полымя праз засушлівае надвор’е магло перакінуцца на сонную вёску, і маштабы бяды былі б непрадказальныя. Вось так Рыжык уратаваў ня толькі гаспадара, але і ўсю вёску. Праўда, герой у тую ноч моцна спалохаўся гуку пажарнай сырэны і ад страху забіўся пад ложак, адкуль яго раніцаю ледзь выцягнуў гаспадар. Кот драпаўся і ўпіраўся, але, згледзеўшы ў руках Максімовіча сьвежанькую рыбку, урымсьціўся і прагна накінуўся на пачастунак. Потым залез на сваю ўлюбёную ляжанку і, скруціўшыся ў клубок, салодка заснуў. А Максімовіч адкрыў пляншэт, узяў у рукі пэндзаль і стаў нешта маляваць на чыстым палатне. Калі праца была скончаная, з карціны на яго глядзелі прамяністыя гарэзьлівыя вочы сонечнага ката. Мастак радасна ўсьміхнуўся і зрабіў надпіс унізе карціны: «Маё рудое шчасьце».