Бацькоўская любоў

Шмат гадоў таму ў мескім парку на высокай гары рос дуб-волат з магутнаю зялёнаю кронай і моцным ствалом на некалькі абхватаў. Колькі яму было гадоў, ніхто ўжо і ня ведаў. Дый сам дуб забыўся, колькі стагодзьдзяў ён на зямлі гэтай стаяў. З гадамі ягоны ствол пакрыўся зялёным мохам, кару парэзалі глыбокія расколіны-зморшчыны, а галіны сталі крывымі і нязграбнымі. Сябры-дрэвы, што расьлі некалі побач, былі даўно сьсечаныя на дровы. І цяпер, пры гуку ўдараў сякеры, дуб са страхам скаланаўся ад думкі, што прыйшла і ягоная чарга. Але час ішоў, а дрэва па-ранейшаму моцна трымалася каранямі за зямлю.

Кожную вясну да яго з выраю прыляталі птушкі. Яны вілі на моцных галінах гнёзды і адкладалі ў іх яйкі. Празь нейкі час зьяўляліся на сьвет маленечкія бездапаможныя птушаняткі. Яны ўвесь дзень няўрымсьліва пішчалі – прасілі есьці. Дарослыя птушкі-бацькі бяз стомы насілі ім жучкоў і чарвячкоў. А дуб, асьцярожна хістаючы галінамі, на якіх былі гнёзды, закалыхваў птушанятаў. Яны салодка засыналі і сьнілі добрыя сны. Стары дуб любіў шумных суседзяў і сумаваў, калі яны адляталі восеньню ў далёкія краіны. З высокае гары ён махаў галінамі ім усьлед, а пасьля жыў да вясны, чакаючы іхнага вяртаньня.

Сваіх сыночкаў-дубочкоў яму Бог ня даў, і праз гэта ён вельмі хваляваўся. Але вось аднойчы сонечным восеньскім днём пад ягонаю кронаю зьбіраў жалуды рудавалосы хлапчук. Малы выбраў зь іх самы вялікі жолуд і закапаў яго непадалёк ад дуба ў зямлю, клапатліва прыкрыўшы зьверху лісьцікамі. Потым прыйшла зіма, ахінула зямлю пухнатаю сьнежнаю коўдрай. А вясною, калі прыгрэла ласкавае сонейка, на тым месцы, дзе хлопчык закапаў жолуд, прабіўся зь зямлі маленечкі тонкі парастак. Неўзабаве ён ператварыўся ў дубчык, на якім у канцы траўня распусьціліся першыя лісточкі.

Дуб быў вельмі шчасьлівы, што ён займеў сыночка. Ён пяшчотна аберагаў кволае дрэўца: улетку рабіў цень сваёй лістотай ад прамянёў пякучага сонца, увосень ад халодных дажджоў закрываў, а ўзімку як мог абараняў ад паўночных ледзяных вятроў.

Ішлі гады. Дрэўца хутка падрастала на радасьць бацьку. Ды нечакана прыйшла бяда – сынок-дубок захварэў. Ягоныя лісьцікі апусьціліся, тонкі ствол сагнуўся да зямлі. Страціў супакой і сон бацька-дуб. Дні і ночы напралёт думаў, як хвораму сыночку дапамагчы…

Неяк прысеў на ягоную галінку мудры крумкач. Ён уважліва паглядзеў на малое дрэўца, якое паціху засыхала, і сказаў:

– Марнее сынок твой празь цябе самога. Ад твайго ценю бяз сонечнага сьвятла ня будзе яму жыцьця.

І, узмахнуўшы крыламі, паляцеў прэч, пакінуўшы дуб у цяжкіх развагах.

Неяк ноччу разгулялася страшная бура. Зіхацелі маланкі, хвастала халодная залева. Усхадзіўся моцны вецер, які роў, як разьюшаны зьвер, ломячы галіны дрэваў, кружыў сарваную лістоту ў віхры свайго шалёнага танцу.

– Вецер, ты моцны і магутны! – зьвярнуўся да яго дуб. – Стары я стаў і спарахнелы. Прыйшоў час маладым месца пад сонцам саступіць. Падштурхні мяне з гары, мне самому адарвацца ад зямлі не стае сілаў.

Паслухаўся яго вецер. Сабраўшы ўсю сваю моц, дзьмухнуў на дрэва. У той жа момант яно затрашчала і са стогнам, ломячы галіны, абрынулася з гары ўніз.

Да раніцы бура сьціхла. Узышло яркае сонца і цёплымі жыватворнымі праменямі сагрэла малы дубочак. Ён з палёгкай уздыхнуў і выпрастаў свой тонкі ствол, лісьцікі ажылі і зноў зашамацелі. Стары дуб у той жа дзень расьпілавалі і вывезьлі з парку. Дубок-сынок доўга глядзеў бацьку ўсьлед, і па ягоных лісьціках цяклі ці то расінкі, ці то сьлязінкі.

З таго дня мінуў не адзін дзясятак гадоў. Цяпер на гары расьце высокі і магутны малады дуб. Нібы вартаўнік, ён велічна ўзвышаецца над старым паркам. І ніякае дрэва ў акрузе ня можа зь ягонаю прыгажосьцю і моцаю зраўняцца. У ягонай густой зялёнай кроне ўюць гнёзды птушкі, а ў халадку ценю адпачываюць людзі. Ад пякучага сонца, ад злога ветру і ад дажджу абложнага – усіх ратуе добрае дрэва!