Кошка-гераіня

Гэта было мінулым летам у вёсцы. Неяк у наш двор падкінулі маладзенькую кошку, непрыглядную такую, з рэдзенькаю поўсьцю і сьлязьлівымі вочкамі. Выгнаць яе шкада было – зьнікне, дый валацужных катоў ня любяць. Вырашылі – няхай жыве, а там відаць будзе.

Мянушку кошцы далі Мілка, вельмі ж яна ласкавая была. Апэтытам яе прырода не абдзяліла – ела за дваіх. Да канца лета Мілка ператварылася ў сытую кошку зь блішчастаю чорнаю поўсьцю і вялікімі зялёнымі вачыма. Ну проста прыгажуня! А што самае галоўнае – у хаце мышэй зьвяла! Бабуля нарадавацца не магла. Дый кошка да бабулькі прывязалася, яна за ёй як нітка за іголкаю хадзіла. Бабуля жартам казала: «Мы зь Міланняй ходзім парай».

Неяк жнівеньскім пагодным днём бабуля спынілася каля кветніку, дзе цьвілі яркія пэтуніі. Раптам кошка стала кідацца на кветкі і фыркаць. Бабуля сагнулася паглядзець, што гэта там ейная ўлюбёнка ўбачыла.

Авохці, жах! Сярод кветак, скруціўшыся ў клубок, ляжала зьмяя і гучна шыпела. Ад страху бабуля аслупянела, а Мілка стралою кінулася на зьмяю. Што далей адбылося, бабуля ня памятала. А як ачомалася, то ўбачыла, што ляжыць каля ейных ног мёртвая зьмяя. Кошка зьнікла.

Некалькі дзён чакала бабуля сваю ратавальніцу. Але яна так і не зьявілася.

– Відаць, загінула мая ўлюбёнка, – бедавала бабуля…

Неяк раніцаю раптам чуе – скрабецца нехта ў дзьверы. Выйшла на парог, а там Мілка, жывая і цэлая, радасна вуркоча і лашчыцца ля ейных ног. Заслужыла кошка ў той дзень смачны пачастунак!

Пасьля таго выпадку слава пра Мілку па ўсёй вёсцы пайшла. І цяпер жыве кошка ў бабуліным доме ў камфорце і заўсёды накормленая. Нездарма кажуць – як баба да дзеда, так і дзед да бабы. Нават кошкі гэта разумеюць.