На лузе, сярод пышных траваў і яркіх красак, расла кветачка-рамонак з залаціста-жоўтым сэрцайкам і белымі пялёсткамі-вейкамі. Штораніцы, прачынаючыся з узыходам сонейка, Яна мыла пялёсткі чыстай расой, ад чаго яны станавіліся асьляпляльна-белымі. Хуткі ветрык беражліва абдымаў тонкую сьцяблінку, баючыся зламаць, бо расьліна была вельмі далікатная і пяшчотная. Сонейка сагравала цёплымі праменямі, дожджык паліваў жыватворчай вадой, а зямля давала жыцьцёвую сілу. Хістаючыся ад павеву ветрыку, кветка радасна ўсьміхалася – жыцьцё здавалася ёй цудоўным!
У адзін з гарачых летніх дзён на луг прыляцеў легкакрылы матылёк. Ён быў падобны да белага пялёстка, што лунае ў паветры. Кветачка-рамонак, убачыўшы яго, захоплена ўздыхнула, ветліва працягнуўшы насустрач пялёсткі.
– Ляці да мяне, матылёк! – дрыготкім ад хваляваньня голасам паклікала яго кветка.
Але той абыякава паглядзеў у ейны бок і праляцеў міма. Яму быў нецікавы непрыкметны сьціплы рамонак. Бо побач рос прыгожы, падобны да сіняга неба васілёк.
– Які ты цудоўны, сінявокі васілёк! – шаптаў матылёк ганарлівай ад хвальбы расьліне, пырхаючы ў танцы вакол яе. З таго дня так і павялося. З узыходам сонца матылёк нязьменна прылятаў да васілька, чакаючы, што той адкажа яму ўзаемнасьцю. Але той быў халодны і пагардліва маўчаў. А што ж кветачка-рамонак? Ейнае жыцьцё раптам страціла яркія фарбы. Яна глядзела на матылька, які пырхаў над прыгожым васільком, і бязьмерна пакутавала.
У адзін зь ліпеньскіх гарачых дзён узьнялася страшэнная навальніца. Раптоўная залева абрынула на зямлю струмені вады. Бестурботны матылёк не пасьпеў схавацца ад непагадзі. Ягоныя тонкія крылцы прамоклі, і матылёк стаў імкліва падаць. Наперадзе чакала немінучая гібель. Але раптам ён пачуў сярод шуму дажджу пранізьлівы крык рамонка:
– Ляці да мяне! Я выратую цябе!
Сабраўшы апошнія сілы, бездапаможны матылёк упаў на залаціста-жоўтае сэрца кветкі. Імгненна пялёсткі шчыльна сашчапіліся над ім, утварыўшы ратавальны дамок. Доўга бушавала навальніца. Рамонак хістала з боку ў бок, хвастала халодным дажджом. Але кветка ўстойліва пераносіла дзівацтвы надвор’я, бо пад ейнымі пялёсткамі трапятала чужое, але такое дарагое ёй жыцьцё. Навальніца сьціхла толькі пад раніцу. Вецер разагнаў цёмныя хмары і ўзыходнае ласкавае сонца асьвятліла зямлю. Стомленая кветка асьцярожна раскрыла пялёсткі, і матылёк ізноў убачыў чыстае неба. Расправіўшы высахлыя крылцы, ён узьляцеў над лугам. Весела пырхаючы ў паветры, матылёк убачыў унізе мноства цудоўных кветак. Сярод іх вылучаўся незвычайнаю прыгажосьцю сінявокі васілёк. Памыты дажджом, ён стаў яшчэ больш прыгожым, і ў чаканьні словаў захапленьня глядзеў на матылька. Але той на разьвітаньне махнуў васільку крылцамі і паляцеў да рамонка – сьціплае кветачкі, якая падарыла яму новае жыцьцё.