Матчына любоў

Жыла ў адной вёсцы дружная сям’я: муж, жонка і дачушка Марылька. Бацькі захапляліся дачушкаю бяз памяці. Расла дзяўчынка ў любові і ласцы, ні ў чым патрэбы ня ведала. Але аднойчы захварэў бацька-гадаваньнік і неўзабаве памёр. Мінула колькі гадоў… Пачаў сватацца да маладой удавы заможны мужык з суседняе вёскі.

Меў мужык дзьве дарослыя дачкі – абедзьве гультаяватыя і злыя. Нічога рабіць не хацелі. Цэлымі днямі на печы ляжалі і пернікі жавалі. Бацька іхны меў вялікую гаспадарку: хату вялізную, усялякую жыўнасьць, сад і агарод. Сам не даваў рады з працаю – вось і надумаў знайсьці новую жонку, добрую і працавітую. На бяду, спадабалася яму ўдава. Пра таго мужыка дурная слава хадзіла. Пагаворвалі, першую жонку працаю да сьмерці замарыў. Але не паслухала ўдава людзей – прадала хату і пераехала да новага мужа.

Ох і цяжка ёй там жылося! Усім, што ні зробіць, муж не задаволены. Заўсёды бурчыць, а тое і аблае яе. Неўзабаве Марылька падрасла і пачала з гаспадаркаю маці дапамагаць: жывёлу карміла, у печы паліла, ежу варыла, за сёстрамі пратала. Але айчыму зь сястрыцамі зводнымі нічым не дагодзіш – усё ня так, усё ня гэтак!

Але Марылька, добрая душа, на іх не крыўдавала. Днём спраўна працу рабіла, а вечарамі выходзіла за ваколіцу ў чыстае поле зь сяброўкамі карагоды вадзіць і песьні сьпяваць.

Сталі хлопцы на юную Марыльку зазірацца. Вельмі ж яна гожая была! Вочы, як неба, блакітныя, валасы залацістыя, пунсовыя губкі, шчочкі румяныя, цела зграбнае і гнуткае. Прыгажэйшае дзяўчыны ў ваколіцах не знайсьці!

Злыя сёстры ад зайздрасьці кіпелі, бо ў іхны бок хлопцы нават не глядзелі! Вось і надумалі яны Марыльку са сьвету зжыць. Пайшлі да ведзьмара па параду. Параіў той злы чалавек дзяўчыну-красуню ў поле выманіць і абліць вадою замоўленаю. Паабяцаў, што дзяўчына ператворыцца ў дрэва. І будзе яно самотна стаяць у полі на сямі вятрах да канца жыцьця.

Аднойчы летняю раніцаю паклікалі сёстры Марыльку ў поле краскі зьбіраць, дый зрабілі, што вядзьмар наказаў: аблілі дзяўчыну вадою замоўленай, і тая ператварылася ў дрэва – ліпу.

Задаволеныя сястрыцы вярнуліся дадому, быццам нічога не было. Улегліся на печы – пернікі ўплятаюць. А матуля ўвечары перапалохалася і кінулася дачушку шукаць. Ды дарма – ніхто нічога ня бачыў. Доўга яна чакала Марыльку, сьлёзы горкія пралівала. А калі ўсе тэрміны выйшлі, падумала, што ад цяжкага жыцьця кінулася ейная крывінка ў рачны вір.

Тут у вёсцы пагалоскі пайшлі, што пасярод чыстага поля ў адзін дзень цуд-дрэва вырасла. Яго разгалістую зялёную крону густа абсыпалі суквецьці дробных залацістых кветачак. Салодкі чароўны водар цьвіценьня разьліваўся наўкола. Людзі, удыхаючы яго, радасна ўсьміхаліся, забываючыся пра нягоды.

Усім прыйшлася даспадобы прыгажуня-ліпа. Птушкі сьпявалі песьні ў ценю галінаў, няўрымсьлівыя пчолы зьбіралі нэктар з залацістых кветак. Хлопцы і дзяўчаты вадзілі карагоды вакол яе стройнага ствала. Старыя нарыхтоўвалі ліпавы цьвет для лячэбнае гарбаты. Ну, а калі людзі абдымалі ствол, то іхныя болькі – цялесныя і душэўныя – як рукою зьнімала. Вось якую незвычайную сілу тая ліпа мела!

Параілі добрыя людзі маці Марылькі да таго цуда-дрэва схадзіць. Дасьць Бог – дапаможа ейнай гаротнай душы супакоіцца. Паслухала яна людзей, прыйшла да цуда-дрэва. А ліпа да яе галінкі цягне, духмянымі кветачкамі абсыпае, зялёнымі лісьцікамі шапаціць, быццам сказаць штосьці хоча. Прыслухалася маці, і ў шапаценьні лісьця ёй здаўся голас дачушкі. Бедная жанчына ад нечаканасьці ўскрыкнула і, абняўшы дрэва, горка загаласіла. Паліліся гарачыя матчыны сьлёзы на лісьцікі, на кветачкі залацістыя.

Нечакана ў чыстым небе бліснула асьляпляльная маланка, раздаўся страшэнны грукат. Закруціў, завыў пранізьлівы вецер. Дрэва раптам застагнала, захісталася з боку ў бок – і абярнулася ў Марыльку. Расьсеяліся вядзьмарскія чары – выявіліся нямоглымі перад вялікаю сілаю матчынае любові. Пацалавала шчасьлівая матуля дачушку, узяла за ручку белую і павяла дадому.

Убачыўшы Марыльку, сёстры загаласілі, укленчылі і ў граху пакаяліся. Ды хіба можа сьветлы чалавек доўга крыўду насіць у душы? Даравала ім Марылька. Праўда, ведзьмару за ягоныя цёмныя справы дасталася. Выгналі яго прэч зь вёскі. І правільна! Няма чаго людзям шкодзіць!

А Марылька неўзабаве пабралася шлюбам. Забраў яе разам з маці ў далёкі край добры маладзец. Там нарадзіліся ў іх дочкі-прыгажуні і сыны-разумнікі. І жыла Марылька з мужам у любові і згодзе доўгія-доўгія гады.