Уначы Васілю Жуку не спалося — забалеў кутні зуб. І трэба ж было таму здарыцца напярэдадні выходных, калі фірма, дзе ён працаваў кіраўніком аддзелу продажаў, зладзіла выезд на турбазу. Наперадзе мільгалі прыемныя дні, якія мусілі былі адбыцца ў коле вясёлае кампаніі калегаў, пераважна чароўных дзяўчат. А галоўнае чакаў пайсьці на рыбу на беразе маляўнічага возера. Рыбны рыштунак ды іншыя патрэбныя рэчы былі ўжо сабраныя. Заставалася, закінуўшы рэчы ў багажнік прыпаркаванае каля пад’езду самавітае машыны, уліцца ў чараду машын, што выяжджалі за кальцавую места.
Боль зуба на раніцу стаў нясьцерпным. Вядома, можна было паехаць у дзяжурную стаматалягічную паліклініку. Але гэты варыянт адразу быў адкінуты. Васіль зь дзяцінства баяўся, пранізьлівага віскату бормашыны. Дый від белага халата выклікаў у яго сапраўдны жах. Заставаўся апошні варыянт — аптэка.
У аптэцы ў такі раньні час было бязьлюдна. У акенцы стаяла адзіная пакупніца і, па-прыяцельску, перашэптвалася з маладзенькую аптэкаркаю. Калі яна абярнулася і пабачыла змучаны болем твар Васіля, дзяўчына ветліва сышла ў бок. Яе кучаравыя пшанічныя валасы хвалямі спускаліся на тонкія плечы. Чорная сукенка, якая абцягвала й падкрэсьлівала ладную постаць, адцяняла сіняву прамяністых, добрых вачэй. Далікатны, троху кірпаты носік, дадаваў харошаму твару асаблівай чароўнасьці. На сакавітых, пухкіх губках іграла гульлівая ўсьмешка. Сэрца Васіля ўзрушана забілася. Зь непрыхаваным захапленьнем ён стаў аглядаць чароўную незнаёмку. Яна ж з абыякавасьцю прасьлізнула позіркам па ягоным твары і адвярнулася.
Васіль, каб прыцягнуць увагі да сябе, штучна жаласьлівым голасам зьвярнуўся да аптэкаркі:
— Малю, ратуйце!
Тая з пытаньнем паглядзела на яго:
— Што здарылася?
Васіль, прыклаў далонь да лба, падняў вочы ў неба, з трагедыяй у голасе сказаў:
— Ён усю ноч мяне мучаў. Гэта невыносна, якія пакуты ён прыносіць!
Дапамажыце, прашу Вас!
Дык патлумачце толкам, хто мучае? Можа Вам у міліцыю зьвярнуцца?
Васіль зрабіў зьдзіўлены твар.
— А што там зубы лечаць?
Аптэкарка ўрэшце даўмелася, што яе разыгрываюць, скрозь сьціснутыя зубы прашыпела:
— А вы пайдзеце і даведайцеся. А не дапамогуць — тады на прыём да стаматоляга.
— Не магу. Зь дзяцінства баюся гуку бормашыны, прытомнасьць губляю. Вось саджуся ў крэсла й губляю.
Тут у размову ўмяшалася чароўная незнаёмка.
— Волечка! – зьвярнулася яна, зь мілаю ўсьмешкаю, да аптэкаркі. — Можа, для мужчыны знойдзецца таблетка ад баязьлівасьці?
Не, на жаль, але ёсьць добры болепатольны сродак.
І аптэкарка паслужліва працягнула Васілю пакунак таблетак.
— Прыміце, і Вам стане лягчэй.
— Я ж ня ведаю, як іх прымаць. Да яды ці пасьля?
Цярплівасьць аптэкаркі была на мяжы. Ейныя губы сьціснуліся ў танюткую нітку, вочы шпурлялі агністыя маланкі.
— Замест ежы. Чытаць умееце, я спадзяюся? Усё ў інструкцыі напісана.
— А калі не дапаможа? – перапытаў ён.
— Тады да стаматоляга, – цьвёрда сказала пачырванелая ад злосьці аптэкарка.
— Дык я ж баюся!, — з шчырым жахам усклікнуў Васіль.
— Тады патрэбная кансультацыя псыхоляга. Ён дапаможа Вам перамагчы страх. Дарэчы, магу параіць аднаго маладога адмыслоўца. Выглядае твой пацыент. Можа, возьмеш? — і яна зь яхіднаю ўхмылкаю паглядзела на незнаёмку.
— Калі ён, натуральна, згодны, – сьцьвярджальна махнула галавою дзяўчына.
Васіль толькі гэтага і чакаў. Усьцешаны, што размова павярнула ў патрэбнае рэчышча, радасна ўскрыкнуў,
Цалкам згодны. Дазвольце прадставіцца: Васіль Жук, для вас проста Васіль.
— Хрысьціна, — зьбянтэжана адказала дзяўчына, і працягнула руку з дасканалым манікюрам. — Вось мая візытоўка. Званіце ў пачатку тыдня. Пра цану, думаю дамовімся. Як псыхоляг-пачатковец, дорага не вазьму.
Яна ветліва разьвіталася і скіравалася да выхаду.
Васілю не хацелася адпускаць новую знаёмую і ён борзда расплаціўшыся за куплю, пабег сьледам.
На дварэ цурболіў заліўны летні дождж. Хрысьціна з агаломшаным выглядам стаяла на ганку, марна стараючыся рассунуць няспраўны старэнькі парасон. Васіль дастаў з торбы вялікі японскі парасон і пыхлівым відам разгарнуў яго над галавою дзяўчыны. Тая ўдзячна кіўнула і пайшла побач зь ім у бок аўтобуснага прыпынку.
— Калі вы сёньня маеце час, то можна правесьці кансультацыю ўвечары ў рэстаране, у доме насупраць, – рашуча запрапанаваў спадарожніцы Васіль.
Хрысьціна разгублена ўсьміхнулася, натуральна яна не чакала такое прапановы.
– Аднак Вы сур’ёзна пастанавілі ўзяцца за свае псыхічнае здароўе. Пахвальна.
Але навошта ісьці ў дарагі рэстаран? Хадземце ў Макдональдз, тут недалёка, на суседняй вуліцы.
Дарма, вельмі нават утульны рэстаранчык. Кухня там, скажу Вам, надзвычайная!
Не, не. Давайце выберам штосьці прасьцейшае! — запярэчыла разгубленая Крысьціна.
— Ну я ж салідны чалавек. Ды й такую красуню сорамна весьці ў нейкую забягалаўку, — зашаптаў ёй на вушка Васіль, стараючыся свабоднаю рукою абняць дзяўчыну за тонкую талію.
Раптам харошанькі твар дзяўчыны загарэўся чырваньню. У ейных прыжмураных вачах мільганулі гнеўныя іскаркі. Яна імкліва адштурхнула яго руку і, задушлівым ад абурэньня голасам, сказала:
— Ну і жук Вы, Вася. Я то падумала, што Вам сапраўды патрэбна дапамога. Вось, што я вам параю, як псыхоляг, ляціце Вы…
— Куды? — зразумеўшы свой промах, спалохана спытаў Вася;
— Ляціце проста, нікуды не заварочваючы, і прылеціце… у паліклініку.
— Але ж я баюся.
А, Вы знайдзіце прыгожую, маладзенькую стаматоляга. Яна зубкі замовіць. Посьпехаў, Вам, проста Васіль.
І дзяўчына лёгкім мятлікам успырхнула ў сярэдзіну аўтобуса, які пад’ехаў на прыпынак, памахаўшы на разьвітаньне рукою. Дзьверы бразнулі проста перад носам Васіля.
Ён ледзь пасьпеў крыкнуць наўздагон:
— Усё роўна патэлефаную. Чакайце!
Аўтобус схаваўся за найбліжэйшым паваротам. Наляцелы вецер разарваў заслону панурых шэрых хмар. Зноў зазьзяла сонца. А разгублены Васіль так і стаяў пад разгорнутым парасонам, не зважаючы на зьдзіўленыя позіркі мінакоў.
Затым, набраўшыся сьмеласьці, дастаў з кішэні візытоўку і набраў у тэлефоне нумар. Хрысьціна пасьля сэрыі настойлівых званкоў падняла трубку й, пачуўшы пераканаўчыя выбачэньні, усё ж пагадзілася сустрэцца каля Макдональдзу.
Васіль задаволена ўсьміхнуўся й пашыбаваў у бок паліклінікі.