Сямейная рэліквія

Усю зіму Валентына жыла, чакаючы прыходу вясны. З надыходам цёплых дзён яна  зноў паедзе ў родную вёску, дзе прайшло ейнае шчасьлівае дзяцінства. І толькі прыгрэла вясновае сонца, Валентына хутка склала патрэбныя рэчы, і з радасьцю пакінула сьцены мескай кватэры. У невялікай вёсцы, далёка ад шумнае сталіцы, чакаў яе прыезду стары бацькоўскі дом і ябланевы сад, пасаджаны калісьці бацькам.

За зіму назьбіралася многа спраў, і Валентыне ставала работы. Нягледзячы на паважны ўзрост, круцілася цэлы дзень, нібы заведзеная. Ня дарма кажуць: родная зямелька чалавеку сілы дае. За бясконцымі клопатамі незаўважна пралятаў час, і не пасьпела Валентына аглянуцца, як прыйшла сярэдзіна чэрвеня.

Сад ужо скінуў белыя шаты, густыя кусты махрыстага бэзу адцьвяталі. Толькі цешыў п’янлівым водарам буйна ўсыпаны цьветам куст язьміну, які пасадзіла Аўгенія Ўладзімераўна – мама Валентыны. Поруч зь ім муж Валентыны, Рыгор, змайстраваў некалькі лаў і шырокі стол. 

Чэрвеньскімі цёплымі вечарамі зьбіралася калісь іх вялікая сям’я: Валентына, ейная маці, муж, тры сыны і доўгачаканая малодшая дачка Марылька. Мама пекла ў рускай печы фірмавыя піражкі з тварагом. Валентына ставіла на стол парцалянавы сэрвіз. Потым даставала з старадаўняга буфэту вішнёвае сочыва й рафінад. А калі ўся сям’я  рассаджвалася на лавах, асьцярожна выносіла стары мэдны тульскі самавар, які атрымала яна ў спадчыну яшчэ ад бабулі, разам з таямніцай яго правільнага распальваньня.

Самавар урачыста ставілі на падносе, у цэнтры стала, засланага сьляпуча-белым накрухмаленым абрусам. Зьверху ставіўся керамічны імбрычак з зборам лясных зёлак. Мама, што сядзела ў галаве стала, сама разьлівала ў кубачкі духмяную гарбату, і толькі пасьля гэтага дазваляла браць з расьпісанага блюда цёплыя піражкі. Дарослыя і дзеці, складвалі губы ў трубачку, асьцярожна дзьмулі на гарачую пахкую вадкасьць і частаваліся найсмачнейшымі піражкамі.

Бывала, на гарбату завітвалі маміны сёстры, самотныя пажылыя жанчыны, што жылі па судзедзтву. Для іх было непрыймальна прыходзіць у госьці без пачастунакаў – і на стале зьяўляліся пірагі, хрушчы й іншае печыва.

За чаяваньнем радзіна вяла павольную гутарку пра жыцьцёвыя справы. Троху пазьней, гасьцям падавалі наліўку з чарнаплоднай рабіны, якая схіляла расчырванелых, разамлелых жанчын да песьняў. І тады Рыгор браўся за баян. На гукі баяна зладжана зьбіраліся суседзі, і пачыналася весялосьць. Рыгор наярваў полечку, дачушка Марылька, падскакваючы й тупаючы ножкамі ў такт мэлёдыі, радасна сьмяялася. У чорных, як смоль, валасах дзяўчынкі, красаваліся белыя кветкі язьміну, якія клапатліваю рукою ўпляла ёй у косы бабуля. Гледзячы на Марыльку ў скокі кідаліся й астатнія. І дарослыя, і дзеці, хто як мог, вытанцоўвалі пад палымяную Гаўкаўскую полечку, ды так, што пыл курэў.

Як жа скора праляцеў час! Мамы даўно няма ў жывых, на той сьвет пайшоў і муж. Дзеці абзавяліся сваімі сем’ямі, падарыўшы Валентыне цудоўныхі ўнукаў, якіх яна з ахвотаю забірае на лета ў вёску. Але сёлета не чуваць ва ўтульным падворку дзіцячых галасоў. Дзеці клапатліва шануюць Валентыну ад падступнае хваробы – ковіду, і самі даглядаюць унучкоў. Але ж Валентына верыць, што скора зноў прыйдзе шчасьлівы час, калі ейная вялікая сям’я зьбярэцца за сталом каля старога куста язьміну. І родныя будуць з задавальненьнем смакаваць сьпечаныя ёю фірмаваыя піражкі „Бабулі Аўгіні“, наліваючы ў парцалянавыя кубачкі духмяную гарбату з мэднага самавару – старадаўняй рэліквіі іх роду.