Вось і прыйшла доўгачаканая вясна ў нашую вёску. Толькі сонейка прыгрэла, і ўжо распачынаюць новы дачны сэзон мескія пэнсіянэры. Забываюцца на свае хваробы й папярэджаньні лекараў, едуць з камфортных мескіх кватэраў у адсырэлыя пасьля зімы бацькоўскія дамы. Увесну справаў процьма, але ж усё пасьпяваюць. Відаць, што праўда, родныя сьцены дапамагаюць. А ўвечары, на адкрыцьцё сэзону, у госьці запрашаюць суседзяў – самаробнай наліўкай пабавіцца. І пачынаюцца размовы задушэўныя, ды жарты-кепікі. Ну, а калі гаворка пойдзе пра тутэйшых старажылаў, што толькі не пачуеш! Часта дзеда майго Аляксандра Максімовіча прыгадваюць. Вось якую гісторыю зь ягонага жыцьця я пачула.
У 60-ых гадах рабіў дзядуля зьбіральнікам малака ў нашым калгасе. Уставаў раненька, запрагаў калёсы зь бітонамі й ехаў вёскаю малако зьбіраць. Раней на кожным падворку трымалі, а то й не адну. Лішкаў малака шмат было, вось і здавалі дзяржаве. Цана за літар грашовая, а глядзіш за месяц – і ў рублі складаюцца.
Ну вось, зьбярэ дзед малако і за 6 кілямэтраў на прыёмны пункт адвязе. А там сябрукоў калі сустрэне, дык нацянькі ў краму па „моцнае“. Бывала глытне лішку, дый засьне на калёсах. Але ж конь не чакае, калі дзед прасьпіцца. Ён звыклым маршрутам вязе калёсы зь гаспадаром, які мірна сапе, дамоў. Прывязе ціхенька да форткі і чакае, калі бабуля выйдзе і ў падзяку дасьць акрайчык хлеба.
Дзед мой неласкавым чалавекам быў. Людзі ад яго добрага слова ня чулі, але каня вельмі любіў. Бывала расчэша яму грыву, пасьміхаецца і пяшчотна прыгаворвае: „Добры, Малец мой, харошы!“ Часта свайго ўлюбёнца частаваў хлебам з цукрам і сьвежай, толькі пакошанаю канюшынай.
Конь калгасны быў, і трэба было яго ўвечары ў стайню адводзіць. І толькі дзядулю, як вынятак, дазвалялі Мальца пры доме трымаць. Аляксандар Максімовіч у сьпёку штовечар каня на рачулку купаць вадзіў, а ноччу выпускаў пасьвіцца на паляну пры доме. Гаварылі, што толькі на гэтым кані верхам езьдзіў. Давяраў яму – іншых коней не прызнаваў. А калі Малец састарыўся і падох, дзед тужыў, быццам па блізкім сябру. Ды й праўда, найразумнейшага каня ў стайні не было.
Як дзед не тужыў, а трэба замену Мальцу шукаць. Пастанавіў кабылу па клічцы Лысая да калёсаў зь бітонамі прывучыць. Ды дзе там – не хацела абычайлівая кабылка ў збруі хадзіць. Аднойчы падчас сенакосу наладаваў вялізную капу сена на воз, і на бяду, запрог наравістую кабылу. Дзед зь сябруком умасьціліся на сене, двое віл уткнулі, каб трымацца было выгодней. Падбрыкнула, заіржала і панеслася зь пенаю ў роце па ямінах і купінах. Седакі за вілы ўхапіліся, ды дзе там утрымаесься, калі воз хістае з боку на бок. Зваліліся мужыкі тварамі ў сена і маліцца аб душах сваіх сталі.
Кабыла тым часам на дарогу выскачыла і панеслася ў бок вёскі. Людзі ад страху лямант паднялі і кінуліся з дарогі ўроссып. А Лысая падляцела да першае хаты і бы спэцыяльна перакуліла воз на бэтонныя слупы, якія ляжалі на зямлі. І паляцелі, лаючыся, мужыкі галовамі ўніз. Толькі вілы ды ногі ў кірзавых ботах замільгалі ў паветры. Вяскоўцы ад жаху самлелі. Ды, відаць, Бог мужыкам сена падаслаў. Прызямленьне было мяккім. Як кажуць, абышліся лёгкім лякам. Праўда, дзед троху пацярпеў. Падчас падзеньня сябрук яго ў вуха ботам загрэў. Доўга яшчэ потым Аляксандар Максімовіч прымочкі да вуха прыкладаў.
Даўно гэта было. Шмат часу мінула з тае пары. Дзядулі ўжо не адзін дзясятак гадоў з намі няма. Стайня даўно развалілася, а замест коннае сілы прыйшла тэхніка. Не чуваць больш раніцамі мыканьня кароў, крыку пеўняў. Дамы апусьцелі. Але вось зноў прыйшла вясна, і старая вёсачка ажыла. І, значыць, нягледзячы ні на што, гісторыя маёй малое радзімы трывае.