Салодкі выбух

Гэтая гісторыя адбылася даўно, яшчэ ў часы Савецкага Саюзу. Вучылася я тады на першым курсе інстытуту. Неяк на выходныя мае бацькі паехалі да бабулі ў вёску й я засталася ў кватэры адна-адзінютка, калі не лічыць ката Барсіка. І так закарцела мне перад сваімі аднакурсьніцамі, што жылі ў інтэрнаце, казырнуць. Пастанавіла дзьвюм простым вяскоўкам сваю мескую кватэру паказаць. Бацькі акурат рамонт скончылі.

У сьветлай, прасторнай кватэры яшчэ лунаў пах фарбы, дарагія шпалеры радавалі вока, а столі зьзялі беласьцю. Пакоі былі абстаўленыя дабротнаю мэбляю, падлогу засьцілалі мяккія дываны. Але асабліва ўтульнай і гожай выйшла кухня. Па знаёмстве, за неблагія грошы, бацькі купілі імпартыны куханы гарнітур, сьцены выклалі дарагою кафляю, на падлогу пасьцялілі сьветлы лінолеўм. На беласьнежнай столі павесілі чэскую жырандолю. Мама думала, што кухня — гэта душа дома. А душа мае быць прыгожай. У чым бацькі дасягнулі посьпеху, і кухня выйшла слаўная.

Ну вось, прыйшлі мае госьці й пачала я па кватэры іх вадзіць. А дзяўчаты ад убачанага ў далоні запляскалі:

— Як хораша, нічога такога мы ў жыцьці ня бачылі!

Я была на сёмым небе, ажно расчырванелася ад задавальненьня!

Думаю, чым яшчэ іх зьдзівіць? Зірнула ў маміну скрытку, а там колькі бляшчанак згушчанкі. Тут мне ўроілася ў галаву:

— Варанай згушчанкай трэба пачаставаць!

Гэта цяпер яе без праблем можна ў краме купіць. А ў тыя часы для нас гэта быў сапраўдны ласунак. І калі хацелася чаго-небудзь смачненькага — самі яе гатавалі. 

У вялікі рондаль налівалі ваду і  пагружалі туды бляшчанкі звычайнай згушчанкі. Пасьля некалькіх гадзінаў варэньня яна ператваралася ў карычневую, густую масу, незвычайнага смаку. І вось, паставіла я рондаль на агонь, і пакуль згушчанка будзе варыцца, надумала гасьцей пазабаўляць. Увамкнула магнітафон, і пачалі мы вытанцоўваць пад гарачую музыку гурту Bohey m. 

Забыўшы пра ўсё, я выгіналася ў танцы. Раптам з боку кухні нешта дзіўна бухнула, затым яшчэ раз. Спачатку я падумала, што сусед наш, дзядок гадоў 80-ці, у сьцяну ляпае, каб музыку прыглушылі. Ды не надта падобна было! І тут страшная здагадка ўдарыла мне ў галаву:

— Мама дарагая! Мая згушчанка!

Ад страху па сьпіне сьлізгануў халадок, і я кінулася на кухню. Госьці сьледам. 

Тое, што я пабачыла мяне шакавала! Куды ні глянь, усё было запэцкана цёмнымі плямамі. З калісьці бялюткае столі зьвісалі карычняватыя сталактыты. Разрываючыся на часткі, яны буйнымі, цяжкімі кроплямі падалі на падлогу, расьцекаючыся па яго сьветлай паверхні бруднымі плямамі. Я ў жаху глядзела ў бакі, ацэньваючы маштабы катастрофы. А зьляканыя госьці, у сваю чаргу, з пытаньнем глядзелі на мяне!

І тут на кухні зьявіўся Барсік і пачаў з ахвотай зьлізваць з падлогі салодкую масу. Мы, нарэшце, прыйшлі ў прытомнасьць і ліхаманкава, перабіваючы адна дану, сталі абмяркоўваць, як замыліць сьляды „злочыну“. Затым, узялі ў рукі вёдры, анучы, сродкі для мыцьця, пачалі даводзіць кухню да ладу. Цэлую ноч мылі сьцены, падлогу, мэблю, праціралі столю. Прыбіраньне скончылі пад раніцу. Стомленыя паваліліся бязь сілаў і праспалі да абеда. Прачнуліся, калі ў дзьверы пазванілі. На парозе стаялі бацькі…

Тое, што яны пабачылі на кухні, іх ня моцна засмуціла.  За што ўдзячная аднакурсьніцам — акуратна прыбралі. Праўда, столя ня радавала пачатковай беласьцю. Але гэта мы скора паправілі. Цераз тыдзень дзяўчаты дапамаглі яе наноў пабяліць. І стала кухня прыгажэй, чым была!

Пасьля таго здарэньня мы сталі найлепшымі сяброўкамі і дружба гэтая трвае ўжо некалькі дзясяткаў гадоў. Дагэтуль зьбіраемся на бацькоўскай кухні выпіць духмянай гарбаты і, прыгадваючы тую гісторыю, сьмяёмся да сьлёзаў!