Якое прыгожае бабіна лета – пара непаўторнага хараства завяданьня прыроды!
Але жыхары сталічнага мэгаплісу, празь несупынны сьпех часта не заўважаюць чароўнасьці гэтага дзівоснага часу году. Заўсёды кудысьці сьпяшаюцца, бягуць. Спыніцеся, мясцовыя, хоць на хвіліну і зазірніце ў стары мескі парк. І вы замраце ад зьдзіўленьня і захапленьня.
Першымі вас сустрэнуць шырокія прысады высокіх, векавых ліп. Яны яшчэ памятаюць тыя далёкія часы, калі пад імі праяжджалі карэты тутэйшай знаці. Вашу галаву асыпле залаты дождж ліствы, якая ападае з гальля дрэваў, і зноў захочацца, як у дзяцінстве, сьмеючыся ад захапленьня, лавіць яе ў далоні. Зачаруюць душу ўбраныя ў залаты строй беластволыя бярозы, што раняюць жоўтае лісьце-сьлязінкі ў цёмную роўняць заспалай ракі. Прынадзяць пад ніцыя, парадзелыя кроны, сьсівелыя вербы.
Прайдзіцеся ўглыб парку, да маляўнічай лукі невялічкае ракі. Там, на гары, стаіць у шапцы чырвонага лісьця векавы дуб-волат, дужы вартавы парку. У люстэркавую роўняць ракі на сябе ён любуецца ўжо не адно стагодзьдзе.
Але бадай найпрыгажэйшыя ў пару бабінага лета – яскравя прысады клёнаў.
Мастачка-восень, нібы акварэльнаю фарбаю, расьпісала кроны дрэваў, пачынаючы ад сьветла-жоўтага адценьня да агніста-чырвонага. Пярэстае лісьце ў апошнім палёце лёгкім мятлікам кружляе ў паветры і бязгучна лажыцца на халодную зямлю, засьцілаючы яе маляўнічым дываном, па якім вам закарціць ісьці не сьпяшаючыся, з асалодаю слухаючы шамаценьне лісьця пад нагамі.
Наперадзе за паваротам чакае спатканьня красуня-каліна. Нахіліцеся ніжэй і палюбуйцеся на яе сасьпелыя гронкі на фоне нябёснае сіні. Сакаўныя ягады, быццам крывавыя рубіны, у аправе з жоўтага лісьця, гараць пад яркімі промнямі сонца. Не саступаюць ёй у прыгажосьці й тонкія рабіны, аздобленыя безьліччу гронак каралавых ягадаў.
А якое незвычайнае восеньскае паветра, якое п’яніць зьмешаным водарам лісьця й хвоі! Не надыхацца! Прысядзьце на адзінокую лаўку ў глыбіні парку, заплюшчыце вочы, падстаўце твар волкаму, халаднаватаму ветру, паволі, быццам смакуючы, удыхаючы восеньскую сьвежасьць. І ўсе клопаты й турботы раптам зьнікнуць. Душа напоўніцца незвычайным пачуцьцем асалоды. І вы яшчэ доўга не захочаце пакінуць гэты чароўны куток.
Такое чараўніцтва зусім побач! Трэба толькі высьці на прыпынку аўтобуса і ўвасьці ў браму за чыгунныя вароты. Спадзяюся, я вас пераканала? У такім разе сьпяшайцеся на разьвітальнае шоў бабінага лета ў старым парку! Паверце мне – не пашкадуеце!