Помні пра мяне

Да наступленьня Новага году заставалася няшмат часу. Гаспадыня кватэры, Галіна Мікалаеўна, накрыла сьвяточны стол і цяпер спакойна чакала прыходу гасьцей. Ужо шмат гадоў яна, адна-адзінюткая, у бацькоўскай кватэры. Дзеці даўно ўляцелі з роднага гнязда, але штогод, трымліваючыся сямейнага звычаю, зьбіраліся тут за навагоднім сталом.

Галіна Мікалаеўна глянула ў акно. На дварэ падаў пульхны, лёгкі сьняжок. Пасьля трывалай адлігі зноў вярнулася зіма й цяпер яна шчодра ўкрывала места пад белым пакрывалам. Перадсьвяточная сталіца на вачох ператваралася, станавілася прыгажэйшай і сьвятлейшай. 

Зь дзяцінства яна любіла гэты чароўны час. Кожны год, 31 сьнежня, бліжэй да поўначы ў іх кватэру прыходзіў чырвонашчокі важны Зюзя, дзіўна падобны да бацькі. Ён выцягваў зь меха чаканыя падарункі і Галінка ў бялюткай сукенцы Сьняжынкі, стоячы на зэдліку, чытала яму вершыкі. А пасьля ўсёй сям’ёю сядзелі за сьвяточным сталом і елі неймаверна смачныя стравы. Цудоўны быў час! Але дзяцінства праляцела імкліва.

Пасьля заканчэньня школы Галя паступіла ва ўнівэрсытэт, на фізфак. На другім курсе выскачыла замуж за аднагрупніка і пераехала да яго ў дом ягоных бацькоў. Ды не прыжылася яна ў чужой сям’і, і неўзабаве пасьля нараджэньня сына, вярнулася ў бацькоўскі дом. Ёй тады быў толькі 21 год.

Ды відаць бядна адна ня ходзіць. Сур’ёзная хвароба надоўга паклала яе на шпітальны ложак. Пачаліся бясконцая чарада абсьледваньняў, уколаў і кропельніц. Паўгода яна змагалася зь цяжкаю хваробаю. Але ўсё ж такі перамагла, выстаяла, дзеля сваёй крывінкі – сынулі Алёшкі.

Пасьля выпіскі са шпіталю бацькі адправілі Галіну падлячыцца ў сонечны Сочы, тады ў галоўную здраўніцу Савецкага Саюзу.

Незвычайная прыгажосьцю прырода, далікатнае мора і гаючыя крыніцы спакваля вярталі маладому арганізму сілы. 

У выходныя дні адпачывальнікі выпраўляліся ў места, дзе да іх паслуг былі цікавыя музэі, прагулкі на цеплаходах, рэстараны. Але Галіна старанілася тлумных месцаў і ў самоце шпацыравала вуліцамі са стараны назіраючы жыцьцё курортнага места.

Аднойчы падчас аднаго з шпацыраў, яна зайшла ў марскі порт і далучылася да невялікай групы турыстаў. Яе зацікавіла апавяданьне экскурсавода пра вядомы цеплаход  „Россия“, які ў той час ўваходзіў у порт. Некалі плывучая база вайсковага флёту фашысцкае Нямеччыны, што насіла ў мінуўшчыне імя Адольфа Гітлера, дасталася пасьля вайны, як трафэй, СССР. І цяпер, як мірны круізны ляйнэр, вазіў адпачывальнікаў Каўкаска-Крымскай лініі.

Раптам Галіна прыкмеціла сярод турыстаў высокага, маладога мужчыну зь ляскаю ў руцэ. Зь цікаўнасьцю яна стала разглядаць яго. Добра збудаваны, зеленавокі брунэт міжвольна прыцягваў позірк. Вось ён павярнуўся і, неяк па-дзіцячы, зьбянтэжана ўсьміхнуўся ёй.

З порту яны выйшлі разам. Праважаючы спадарожніцу, Генадзь, так звалі новага знаёмага, забаўляў яе жартамі, пікантнымі анэкдотамі. Побач з гэтым малазнаёмым чалавекам Галя адчувала сябе на зьдзіўленьне лёгка і спакойна.

Іх першае спатканьне адбылася на наступны дзень у дарагім рэстаране. Генадзь быў надзвычай дабёр у элеганцкім чорным гарнітуры і шыкавенным букетам белых ружаў у руках. Усхваляваная Галіна, зьбянтэжана апусьціла вочы, прыняла прыгожы букет і, моцна ўзяўшчы пад руку спадарожніка, увайшла ва ўтульную залю.

Увесь вечар яны пілі рубінавае віно, ласаваліся смачнымі стравамі. Лёгкі хмель кружыў галаву й, з захапленьнем ў вядзьмарскія, зялёныя вочы спадарожніка, яна зноў адчула жаданьне кахаць.

Цяпер кожны вечар яны сутракаліся на марской набярэжнай. Абапіраючыся на ляску, Генадзь павольна, асьцярожна ішоў. Таму Гале здавалася, што кожны крок прычыняў яму боль. Але спытаць пра гэта неяк баялася. Ён загаварыў сам.

Гена служыў у ракетнай частцы ў НДР. Падчас яго дзяжурства здарылася аварыя. Апраменьваньне было значнае й, як вынік, саркома сьцегнавай косьці. Ампутацыя была адзіным выйсьцем. Пасьля апэрацыі й рэабілітацыі, нямецкія лекары падабралі яму добры пратэз. У родны Варонеж 20-гадовы хлопец вярнуўся інвалідам 1 групы. Цяпер яму 30 гадоў, працуе фатографам, самотны.

Скончыўшы сваё апавяданьне, Генадзь  запытальна паглядзеў у вочы спадарожніцы. Галіна ласкава пагладзіла яго руку і ў адказ зразумела усьміхнулася.

Рэшту вечару яны бавілі ў нумары. Ужо далёка за поўнач каханкі, трымаючыся за рукі, спусьціліся на бязьлюдны пляж. Генадзь падыйшоў да беражку вады, распрануўся й, адшпіліўшы пратэз, на жываце ўпоўз у цёплую ваду й, разразаючы рукамі марскую ваду, упэўнена паплыў у мора ў адлюставаньні месячнага сьвятла. 

Галя ўсхвалявана бегала па беразе, трывожна ўглядалася ў далечыню, баючыся згубіць самотнага плыўца з поля зроку. І супакоілася толькі, калі ён сеў зь ёй побач. Паклаўшы галаву яму на плячо, яна з асалодай слухала шум марскога прыбою. Поўня зь нябёсаў глядзела на іх шчасьлівыя твары.

Але дні імкліва ляцелі. Пуцёўка скончылася. І вось Галіна паднялася на борт самалёту, везучы з сабою бярэмя белых руж і абяцаньне хуткай сустрэчы. А потым пачаўся новы этап стасункаў – тэлефонавы раман, з доўгімі размовамі й чаканьнем новых званкоў.

Настаў той чаканы дзень і ўрэшце Генадзь прыехаў да яе. На календары было 31-га сьнежня. Бацькі, забраўшы з сабою ўнука, пайшлі да суседзяў. Галя ў чаканьні дарагога госьця, стаяла каля акна й глядзела на лёгкі сьнег, што падаў на дварэ. У дзьверы настойліва пазванілі. На парозе стаяў Зюзя зь вялікім мехам у руках.

– Вам каго? – са зьдзіўленьнем спытала яна.

– Шчасьлівага Новага году! – выгукнуў Зюзя і моцна абняў яе за плечы. 

У той незабыўны вечар у ейную кватэру на цэлы тыдзень прыйшло шчасьце.

Генадзь быццам бы зачараваў ейных бацькоў. Кожны вечар, калі сям’я зьбіралася за сталом, ён падаваў свае фірмаваыя стравы, разьліваў у келіхі чырвонае грузінскае віно, вымаўляў чараду жартоўных тостаў. 

Алёшку таксама спадабаўся дзядзька Гена і нават малы не выпускаў з рук ягонага падарунку – плюшавага мядзьведзіка. На двары яны разам ляпілі вялікую сьнегавую бабу. А Галя, усьміхаючыся, глядзела на іх у акно. Першы раз у жыцьці яна была па-сапраўднаму шчасьлівая.

У адказ Галіна прыляцела ў Варонеж на 8 сакавіка. Закаханыя шпацыравалі местам, знаёміліся зь бясконцаю чарадою сяброў і сваякоў. Галю адначасова стамляла і радвала, даючы надзею на сталасьць іх стасункаў. Адлятала яна дамоў з надзеяй пра хуткую сутрэчу. Але жыцьцё падступнае.

Раптам цяжка захварэў бацька. Увесь вольны ад працы час яна разрывалася між хворым бацькам і сынулем. Скора таты ня стала. Падчас пахаваньня, Гена быў побач і ўсе клопты ўзяў на сябе. Празь нейкалькі дзён ён зрабіў ёй прапанову. Можа не зусім сваечасна, але для яе было важна знаць, што цяпер ёсьць побач надзейнае мужчынскае плячо. 

Заяву падалі на ягонай радзіме, напярэдадні Новага году. З кожным зь іх супрацоўнікі ЗАГСу размаўлялі асобна, пераконваючы зьмяніць неабдуманы ўчынак. Бо з інвалідам 1 групы ў той час не разводзілі. Замест належных трох месяцаў, далі паўгода на роздум. Але хіба для сапраўднага каханьня ёсьць перашкоды?

За сьвяточным, навагоднім сталом закаханыя пілі шумлівае віно за будучую сям’ю, строілі пляны. А потым з жарсьцю кахалі адзін адно. Здавалася – вось яно чаканае шчасьце. 

Але пасьля яе ад’езду званкі ад каханага раздаваліся ўсё радзей і на пачатку сакавіка прыйшоў ліст, дзе Генадзь паведаміў, што ў ягоным жыцьці зьявілася другая.

Галіна перанесла сапраўдны шок. У той момант ёй здавалася, што згубіла глебу пад нагамі. Гэтага ня можа быць, а пагатоў цяпер. Гена вельмі кахаў яе, яна адчувала гэта. Сэраца падказвала, што тут нешта ня так і, кінуўшы ўсё, першым рэйсам яна вылецела ў Варонеж. 

Пабачыўшы ў дзьвярах фотаатэлье Галіну, залітую сьлязьмі,  Гендзь разгубіўся. Стараючыся не глядзець ёй у вочы, упарта паўтараў, што паміж імі ўсё скончана.

А разьвязаньне яго было нязьменным, яна знала ягоны цьвёрды характар. На таксі ён быстра павёз яе назад у аэрапорт. Былыя каханкі ўсю дарогу цяжка маўчалі й, толькі перад пасадкай, Гена, цяжка ўздажнуўшы, працягнуў ёй маленькі скрутак і вымавіў, дрыготкім голасам: „Памятай пра мяне!“. Потым рэзка павярнуўся й, з пануранаю галавою імкліва пайшоў.

Седзячы ў салёне самалёту, Галя разганула паперу. З каляровага фота на яе глядзеў з усьмешкай шчасьлівы Генадзь. Здымак зрабіў вулічны фатограф у месьце іхнага знаёмства, у сонечным Сочы. 

Самалёт пайшоў на ўзьлёт. Галя вылецела, забіраючы сваю таямінцу і пакідаючы ў мінулым неадбытыя мары й шчасьце.

Мінула паўгода. І ў адзін зь вечароў у ейнай кватэры пачуўся міжнародны званок. Маць Гены паведаміла пра непапраўнае гора. Пасьля навагодніх сьвятаў сын даведаўся, што падступная хвароба вярнулася. Апэрацыя была бессэнсоўнаю. Некалькі месяцаў мужна змагаўся ён за жыцьцё, але дарма. Нязадаўга перад скананьнем, ён папрасіў яе перадаць свае прабачэньні ягонай каханая Галачцы.

– Яна разумніца, усё зразумее й даруе, – зь сьлязьмі сказаў ён.

Жанчына на другім канцы проваду зарыдала. Матчына гора было бязьмерна, Галя гэта разумела й, ледзь трымаючы сьлёзы, ціха вымавіла:

– Я чакаю дзіця ад Вашага сын.

Праімчалі гады. Ужо больш за 30 гадоў мінула з тае памятнай сустрэчы з Генадзем, а Галіна Мікалаеўна па сёньня ўспамінае цудоўны час таго далёкага каханьня й боль яго страты, час чаканьня нараджэньня дзіцяці й самотнае мацярынства. І няхай нялёгка было паднімаць дваіх дзяцей, але ўсё такі яна дзяквала Богу за сустрэчу з самым дарагім чалавекам у еным жыцьці. Ад маркотных успамінаў Галіну Мікалаеўну адарваў настойлівы званок. 

– Ну, вось і першыя госьці, – радасна падумала яна, адчыніла дзьверы. На парозе кватэры стаяў чырвонаносы Зюзя зь мехам падароункаў на плячы. З-пад густых цёмных брывоў на яе з усьмешкай глядзелі родныя зялёныя вочы.

– Шчасьлівага Новага году! – урачыста прамовіў ён.

– І цябе са сьвятамі, Геначка! – адказала Галіна Мікалаеўна, цалуючы сына.