Мы з братам – блізьнюкі. Як кажа нашая мама, «рыхтык у рыхтык адзін да аднаго!». Адрозьніваюць нас бацькі толькі паводле вушэй. У мяне яны маленькія, акуратныя, а ў брата Дзімкі – вялікія і тырчаць, як лякатары. А яшчэ ён увесь час жуе жуйку. І ні з кім ня дзеліцца, нягоднік, нават са мною!
Мама жартуе з брата:
– Ты, Дзьмітры, усё адно як жвачная жывёліна.
– Гэта парода такая? – пацікавіўся неяк я.
– Паедзеш летам да бабулі ў вёску – даведаесься! – адказала мама.
У бабулі мы з братам ніколі не былі. Сям’я нашая ў сталіцы жыве, а бабуля дзесьці далёка, у нейкай глыбінцы. Часам яна да нас у госьці прыяжджае з пачастункамі: масьліцам жоўценькім, тваражком і смачнаю сьмятанкаю. Кажа, што ад ейнае карміцелькі, каровы Мілкі, пачастункі. У чарговы свой прыезд запрасіла нас летам пагасьціць у яе.
Вось і лета наступіла. Мы ўсёй сямʼёй прыехалі да бабулі ў вёску. Я, вядома, пайшоў у хлеў карову глядзець. Адтуль насустрач мне выйшаў Дзімка, які і цяпер не пераставаў жаваць. Апярэдзіў мяне, значыць!
У загарадцы стаяла рудая карова зь белаю зорачкаю на лобе, тоўстымі круглымі бакамі і невялікімі рожкамі. Яна глядзела на мяне сваімі вялізнымі чорнымі вачыма і павольна жавала. Я пагладзіў карова па галаве, памацаў за рожкі, а яна ўсё жавала.
«Дзіўна! – падумаў я. – Кармушка пустая, а што тады карова жуе? І наагул яна мне кагосьці нагадвае».
І тут мяне як кіпнем абдало! Гэта ж Дзімка карову жуйкаю накарміў. Цэлы пачак, відаць, не пашкадаваў, нягоднік! У беднай каровы сківіцы зьліпнуліся! Трэба тэрмінова яе ратаваць, і я пабег да Дзімкі.
– Ты навошта, – кажу, – карову жуйкаю накарміў?
– Якую карову? Якою жуйкаю?! – абурыўся ён. – Што ты мне на вушы локшыну вешаеш?
А я яму ў адказ:
– На твае лякатары ўсёй нашай локшыны ня хопіць! Дый не патрэбныя мне твае вушы. Ратаваць карову трэба!
Дзімка як заенчыць:
– Адчапіся! Няма чаго на мяне чужых сабакаў вешаць!
Гэтым ён мяне вельмі зьдзівіў: «Нікога я не зьбіраюся на Дзімку вешаць, а тым больш сабакаў. Я іх вельмі нават люблю». Ну, тут і я пакрыўдзіўся ды крыкнуў яму ў твар:
– А ты… а ты… ты – жвачная жывёліна!
Дзімка пачырванеў ад злосьці і штурхнуў мяне. Ну, я, вядома, даў здачы. Пачалася бойка. На шум з дому выбегла бабуля і расьцягнула нас. А калі даведалася, праз што сварка, засьмяялася і патлумачыла, што жуе карова. Аказваецца, у яе страўнік падзелены на некалькі частак. Спачатку зьедзеная на полі трава трапляе ў першую частку страўніка. Дома карова адрыгае траву маленькімі порцыямі назад у рот, старанна яе перажоўвае, і толькі потым яна трапляе ў іншую частку страўніка, дзе канчаткова ператраўляецца.
– Дык вось чаму карова ўвесь час жуе! – здагадаўся я.
Выходзіць, я пакрыўдзіў брата зусім дарэмна. Мне стала вельмі сорамна, і я сказаў:
– Прабач мне, Дзімка! Давай больш ніколі не сварыцца. Мы ж з табою браты – не разьлі вада, праўда?
– Угу! – замахаў галавою Дзімка і працягнуў мне цэлы пачак жуйкі «Орбіт».