Лета любяць і дарослыя, і дзеці, але дзеці, напэўна, найбольш. І ня дзіўна, бо для іх гэта пара вясёлых прыгодаў і сьмешных гісторыяў, у якія яны часьцяком трапляюць праз сваю залішнюю цікаўнасьць. Вось і мой трохгадовы сынок Аўгусь не выключэньне.
Мінулым летам мы адпачывалі ў вёсцы ў маіх бацькоў. Сыну вельмі падабалася гасьцяваць у іх. Забаваў аж цераз вушы: хочаш – на гамаку гушкайся, хочаш – з суседзкімі дзеткамі гуляй, а хочаш – з бабуляй у лес у грыбы і ягады хадзі. А калі пашанцуе, то дзядуля на рыбу возьме.
Але больш за ўсё Аўгусь любіў гуляць з Шарыкам, рудым сабачкам невядомае пароды, зь мілаю мыскай і хітрымі вочкамі. Шлях да сэрца сабакі ляжыць праз страўнік, і самы кароткі шлях Аўгуська знайшоў з дапамогаю каўбасы, якая хутка зьнікала зь лядоўні.
Кожную раніцу Шарык імкліва выскокваў са старое будкі, сустракаючы Аўгуся звонкім радасным брэхам. А пасьля, прыціснуўшыся да зямлі, на сагнутых лапках падпаўзаў да ягоных ног і, падняўшы галаву, жаласьліва глядзеў Аўгусю ў вочы, віляючы з боку ў бок пушыстым хвосьцікам. Затым была чарга абавязковага пачастунку, і, праглынуўшы гасьцінец, задаволены сабачка пачынаў круціцца ўюном па двары, быццам танцуючы «Сабачы вальс». Вось так сын займеў адданага чатырохногага сябра.
Неяк у адзін зь ліпеньскіх дзён, пасьля абеду, я як звычайна паклала сына спаць. Пакласьці паклала, але ён неўзабаве з ложачка загадкава зьнік. Ня ўгледзела падшыванца!
Дзе толькі я яго ні шукала: да ўсіх суседзяў бегала, ува ўсе куточкі зазірнула. Сын як скрозь зямлю праваліўся. Перапужаліся ўсе не на жарт: бабуля за сэрца хапаецца, дзядуля – за галаву, а ў мяне ногі ад страху падкасіліся.
І толькі аднаму Шарыку ўсё хоць бы што. Весела махае хвастом і неяк дзіўна ў старую будку ўтаропіўся. «Ага! – падумала я. – Відаць, сябар ягоны недзе побач!»
Зазірнула ўнутр, а там на саламянай падсьцілцы сьпіць Аўгусь.
– Знайшлася прапажа! – узрадавалася я і пачала соннага сыночка выцягваць з будкі. Ды дзе там, завяз. Ні туды ні сюды! Прыйшлося дах разьбіраць.
Палоннага вызвалілі і, вядома, спыталіся, навошта ён у будку палез.
– У госьці да Шарыка хадзіў! – адказаў Аўгусь і гучна зароў: – Дзе яму цяпер жыць?!
– Не гаруй, унучак, – пасьпяшаўся супакоіць дзядуля, – будзе заўтра ў Шарыка новенькі домік.
І праўда, на наступны дзень у двары красавалася прасторная новая будка са сьвежых абгабляваных дошак. Усярэдзіне паслалі сьвежае духмянае сена, і сабачка, спачатку асьцярожна абнюхаўшы новае жытло, залез у будку ды, скруціўшыся абаранкам, спакойна заснуў.
Вось так дзякуючы сябру Шарык навасельле справіў. А Аўгусь больш у госьці да яго не хадзіў. Хапіла аднае прыгоды!