Навагодні цуд

Не зважаючы на тое, што быў ужо канец сьнежня, зіма не сьпяшалася ў вялікае места. Мокры сьнег зрэдку клаўся на брудную зямлю і хутка раставаў, нібы дражнячы дзетак, якія да сьлёзаў сумавалі па сапраўднай марознай зіме. Дзецям так хацелася ляпіць сьнегавую бабу, катацца на лыжах, каньках, санках ці проста куляцца ў мяккіх сумётах. Гэта было б так цудоўна!

Але толькі напярэдадні навагодняе ночы стала марозна. У паветры закружыліся лёгкія пушынкі-сьняжынкі. Яны асьцярожна апускаліся на зямлю зь вялікае вышыні і, вядома, вельмі хваляваліся. Але, убачыўшы ўнізе асьветлены рознакаляровымі яркімі агнямі пераднавагодняе места, забыліся пра ўсё на сьвеце. Гэта было такое надзвычайна прыгожае відовішча!

Пралятаючы міма вокнаў дамоў, сьняжынкі зь цікавасьцю зазіралі ў іх. Ім не цярпелася даведацца, што ж там адбываецца. А людзі тым часам сьпешна рыхтаваліся да сьвята: прыбіралі елкі, размалёўвалі шыбы вокнаў белымі ўзорамі, вельмі падобнымі да сапраўдных сьняжынак; вешалі бліскучыя гірлянды. Іхныя твары сьвяціліся радасьцю ў чаканьні цудаў навагодняе ночы. І толькі адна дзяўчынка сумна глядзела ў акенца, падпёршы далоньню галоўку. Яна была ахінутая цёплым шалікам, вочы сьлязіліся, а кірпаты носік пачырванеў. Так бывае, калі хварэеш!

Самая дапытлівая сьняжынка падляцела да акенца. «Хіба ж можна сумаваць у такі дзіўны вечар? – падумала добрая сьняжынка, з жалем гледзячы на хворую дзяўчынку. – Сёньня абавязкова трэба весяліцца! Як жа ёй дапамагчы?»

І тут яна прыдумала:

– Я ведаю, што рабіць… Трэба танцаваць! Гэй, сястрычкі-сьняжынкі, ляціце хутчэй сюды! – крыкнула яна. – Давайце вадзіць карагод!

На заклік зьляцелася мноства зіхатлівых сьняжынак. Вецер зайграў на нябачнай дудачцы вясёлую навагоднюю мэлёдыю. І закруціўся ў танцы, пераліваючыся ў промнях месяца, лёгкі белы карагод сьняжынак. Дзяўчынка, шырока расплюшчыўшы вочы, зьдзіўлена глядзела ў акенца. Яна замерла ад нечаканасьці, а пасьля звонка запляскала ў далоні, дзякуючы далікатным танцоркам. Ёй раптам стала так весела, што, забыўшыся пра хваробу, яна пачала сама кружыцца ў танцы. Але хутка ў пакой увайшла мама і паклала дзяўчынку ва ўтульны мяккі ложак – маленькім дзеткам нават у навагоднюю ноч трэба спаць. Дзяўчынка памахала ручкаю на разьвітаньне сьняжынкам і салодка заснула. Вецер жа асьцярожна падхапіў сьняжынкі і панёс іх далей, каб пасьпець да прыходу Новага году прыбраць горад у беласьнежны сьвяточны ўбор!