Добры Цімка

Дварняк Цімка ляжаў пры будцы, ляніва грэючыся на сонейку. Яму было вельмі сумна.

«Добра быць аўчаркай! – думаў ён, сумна ўздыхаючы. – На працу ў паліцыю бяруць. Жыцьцё ейнае поўнае на прыгоды, а я валяюся бяз справы. Не жыцьцё, а суцэльная шэрань: то ем, то ляжу, то сплю, то зноў ем. Пабрахаць нават уволю не даюць. Гаспадыня лаецца, што куранятаў і ейную ўнучку Танюську палохаю. Хлусіць яна, я іх ахоўваю, бо яны мае сябры. Вунь як бегаюць па зялёнай траўцы за сваёй матуляй, курачкаю Пяструшкаю, такія маленькія і безабаронныя! А вось хто іх і крыўдзіць, дык гэта Танюська. Ня любіць куранятак злая дзяўчынка. Бярэ палку і ганяе курынае сямейства па падворку. Вунь ізноў схапіла дубец – пара хавацца, а то і мне дастанецца».

І Цімка хутка залез у будку, адкуль з асьцярогаю стаў пільнаваць дзяўчынку. Тая ўважліва паглядзела па баках і, пераканаўшыся, што бабулі побач няма, грозна махаючы дубчыкам, пабегла за курыным сямействам, прыгаворваючы: «Кыш-кыш, брыдкія кураняты, надакучыў ваш піск!»

Тут пачаўся сапраўдны пярэпалах: курыца квокчучы кідалася па двары. Бедныя кураняты ледзь пасьпявалі за ёю. Раптам Пяструшка ўбачыла адчыненую брамку і кінулася да яе. Ратуючыся ад пагоні, з усім сямействам уцякла да ўзьлеску.

А дзяўчынка, задаволена падскокваючы, пайшла дахаты, зачыніўшы за сабою брамку. Бабуля тым часам у хаце піражкі пякла, а гэта справа доўгая, таму яна толькі ўвечары заўважыла, што Пяструшка зьнікла. Перапалохалася не на жарт. Усе куткі ў двары бабулька абышла, усюды агледзела, як у ваду ўпала курачка.

– Ціп-ціп, мае кураняткі! Ціп-ціп, мая Пяструшачка! Дзе ходзіце, дзе галодныя блукаеце? Можа, вас ліса схапіла? Не даглядзела, не зьберагла вас ад бяды! – горка заплакала бабуля – так ёй было шкада курынае сямейства. А Танечка маўчыць, праўды ня кажа…

Тут Цімку стала шкада сваю гаспадыню. Падбег ён да брамкі і гучна забрахаў. Бабуля адразу зразумела, што сабачка хоча дапамагчы Пяструшку знайсьці. Адкрыла брамку, а Цімка панюхаў зямлю і, узяўшы сьлед, кінуўся ў бок ляска. Бабуля прыхапіла кошык і, загадаўшы Танюсі нікуды з хаты не выходзіць, пасьпяшалася за ім.

Сонейка ўжо хілілася за небасхіл. Павольна зьмяркалася – насоўвалася ноч.

«Да цемры трэба абавязкова іх знайсьці! – думаў Цімка, пераскокваючы цераз купіны. – У лесе ім пагражае небясьпека».

Бабуля, чапляючыся за сухія галінкі, таропка ішла, стараючыся не выпускаць зь віду Цімкі. Але неўзабаве яна пачула радасны брэх. Калі бабуля выйшла на невялікую палянку, то ўбачыла, што ля пянька сядзіць ейная Пяструшка. Кураняты залезьлі да матулі пад крылцы і, закапаўшыся ў цёплыя пярынкі, ціхенька папісквалі. Хто зусім схаваўся, у каго толькі ножкі былі відаць, у каго галоўка тырчала – усе жывыя і здаровыя!

– Ах мая ты дурніца, чаго ўздумала з дому пайсьці? – незадаволена паківала галавою бабуля, гледзячы на курачку.

Затым яна асьцярожна падняла яе зь зямлі, лёгенька рукою прыціснула курачку да сябе, баючыся, што тая вырвецца. Але пасьля перажытага ў лесе страху Пяструшка сядзела і не варушылася. Затым бабуля куранятаў адно за адным у кошык пасадзіла і, урэшце, усе рушылі ў зваротны шлях. Задаволены Цімка сьмела бег наперадзе, паказваючы дарогу. Ён гучна брахаў, адпужваючы нябачных зьвяроў, але бабуля на яго больш не сварылася.

Вось і дом. Сабачка радасна забег у двор, а за ім бабуля ўвайшла. Глядзяць – Танюся ўся ў сьлязах стаіць і галосіць:

– Бабуля, мне было адной вельмі страшна! Даруй мне! Гэта я курачку выгнала. І ты, Пяструшка, даруй мне! Я больш ня буду вас крыўдзіць, а стану заўсёды пра вас клапаціцца…

Бабуля на знак прабачэньня пяшчотна пагладзіла дзяўчынку па галаве, а Цімка, віляючы хвосьцікам, весела заскакаў вакол іх. Ён быў вельмі шчасьлівы, бо зрабіў добрую справу – уратаваў сяброў.