У гэты год вясна выдалася на рэдкасьць раньняя і цёплая, таму дачны сэзон дзядуля Апанас адкрыў раней, чым звычайна. Ужо ў канцы сакавіка перасяліўся зь мескае кватэры ў свой утульны домік на лецішчы. Ды вось няшчасьце: пасьля марознае зімы падмурак дому даў расколіну. Давялося дзядулю, вохкаючы і ўздыхаючы, капаць глыбокую траншэю ўздоўж сьцяны. Але не разьлічыў ён сваёй сілы. Выстраліў застарэлы радыкуліт, ды так, што востры боль да зямлі прыгнуў. У той жа дзень прыехаў машынай унук і павёз дзядулю на лячэньне ў сталіцу, забыўшыся прыкрыць дошкамі выкапаную траншэю.
Мінула крыху менш за тыдзень. Сьпіна яшчэ нагадвала пра сябе, але, не паслухаўшыся лекара, дзядуля Апанас вярнуўся на лецішча. Не пасьпеў ён увайсьці ў дом, як убачыў у траншэі вожыка. Звычайна ў хвіліны небясьпекі вожыкі згортваюцца клубком, а гэты ляжаў на баку быццам нежывы. Лаючыся на сябе за няпамятлівасьць, дзядуля крэкчучы палез у яму, прыхапіўшы грубыя рукавіцы. Іголкі ў вожыка вострыя!
Падняўшы млявае цельца наверх, дзядуля паклаў яго на парозе дому, побач паставіў сподак з малаком. Вожык не варухнуўся. Раптам у доме зазваніў тэлефон. Дзядуля на нейкі час адышоў пагаварыць. Вярнуўшыся, убачыў, што вожык ляжыць, як і ляжаў, а вось малачка ў сподачку паменшала. «Дзіўна, – падумаў ён. – Вожык нерухомы. Можа, суседні кот Васька ў госьці заходзіў?»
Агледзеў двор – нікога. «Эх, небарака, – уздыхнуў засмучаны дзядуля. – Як табе собіла ў пастку трапіць? Колькі там без вады і ежы праляжаў. Пакладу цябе на траву ў садзе, а побач талерачку з малачком пакіну. І прасачу за табой, а раптам ажывеш».
З боку дому тое месца, дзе ляжаў Вожык, добра праглядалася. Вось дзядуля стаў пры акне і чакае. Вожык нейкі час паляжаў нерухома, раптам варухнуўся, панюхаў чорным носікам паветра і павольна на кароткіх ножках падышоў да сподачка. Праз некалькі хвілінаў ад малака і сьлед прапаў. Затым, крыху перадыхнуўшы пасьля сытнага перакусу, хістаючыся ад слабасьці, пайшоў у бок хлява.
«Ах, вось хто вечарамі шамацеў каля хлява! Знайшоў вінаватага! – усьцешана ўсьміхнуўся дзядуля Апанас. – Добры сусед у мяне зьявіўся, патрэбны, абаронца ад зьмеяў і мышэй. Я яго падкормліваць стану. Трэба ж віну перад калючым суседам залагодзіць».
Хутка дзядуля разам з унукам адрамантавалі падмурак і закапалі траншэю. Цяпер вожыку нічога не пагражала.
З таго часу дзядуля Апанас кожны вечар пакідаў ля хлява ежу. А сам з акна назіраў, як з-за рога зьяўляўся невялікі цень і асьцярожна набліжаўся да кармушкі.
Да кастрычніка вожык акругліўся і добра сябе адчуваў, а пасьля раптам зьнік. Але дзядуля не хваляваўся. Ён ведаў, што прыйшла пара вожыкам класьціся ў зімовую сьпячку. Час хутка праляціць, і вясной яны зноў сустрэнуцца.