У дзіцячай краме на паліцы ў кардоннай скрынцы жылі паветраныя шарыкі, дакладней – маленькія рознакаляровыя гумавыя мяшэчкі. Сапраўднымі шарыкамі яны станавіліся тады, калі прадавец напаўняў іх лёгкім газам з балёна. А пакуль яны ціха ляжалі ў цёплай скрынцы, чакаючы свайго часу. Бывала, агульны спакой парушаў самы няўрымсьлівы зь іх – аранжавы шарык, які ляжаў на самым дне скрыні. Ён час ад часу незадаволена варочаўся і бурчэў. Яму не цярпелася хутчэй вырвацца з душнае цеснаты на волю.
І вось прыйшоў доўгачаканы момант – прадавец нарэшце дастаў са скрынкі аранжавы шарык і напоўніў яго газам. Затым, прывязаўшы яму белую стужачку, уручыў сьветлавалосай дзяўчынцы з кірпатым носікам і гарэзьлівымі вяснушкамі на мілым тварыку. Яна моцна сьціснула ў ручцы стужачку і выйшла з крамы.
Дзённае сьвятло на імгненьне асьляпіла шарык. Новыя прадметы і незразумелыя гукі напалохалі, але ён хутка супакоіўся і стаў разглядаць навакольны сьвет.
Дзяўчынка скокам ішла па люднае вуліцы побач са сваёй маці. Над ейнаю галавою весела калыхаўся шарык. Людзі, гледзячы ўсьлед, усьміхаліся і з захапленьнем казалі:
– Які прыгожы шарык!
Чуючы такую хвальбу, шарыка яшчэ больш расьпірала ад гонару. Яму захацелася ўзьляцець вышэй, ды так, каб усе ўбачылі яго. І ён стаў хістацца з боку ў бок, шарык прагнуў вырвацца на волю, але дзяўчынка моцна трымала стужачку. І тады шарык набраўся моцы, рэзка рвануў уверх і высьлізнуў зь дзіцячае ручкі. Ад нечаканасьці дзяўчынка спалохана ўскрыкнула і расплакалася. Яна выцягнула ўверх ручкі, спадзеючыся, што шарык вернецца назад. Але ён ляцеў ад яе ўсё вышэй і вышэй, усё далей і далей. І вось ужо далёка ўнізе засталіся мескія вуліцы, дахі шматпавярховых дамоў, а дзяўчынка з вышыні здавалася невялікаю цёмнаю плямкаю.
– Глядзіце, я лячу, лячу! – узрадавана крычаў шарык, але яго ніхто ня чуў. Наўкола стаяла маўклівая цішыня, і толькі ў небе плылі абыякавыя цёмныя хмары.
Раптам на яго ўпалі кроплі дажджу – пачалася моцная залева. Шарык стаў хутка губляць вышыню. Ён апускаўся ўсё ніжэй і ніжэй. Зямля была ўжо амаль побач… Нечакана моцны вецер шпурнуў яго на дах машыны, якая стаяла пры абочыне дарогі. Ад удару шарык адхінула ўбок, ён упаў на праезную частку. На яго імчаў велічэзны грузавік з чорнымі коламі. Шарык зьнерухомеў ад страху. На шчасьце, машына праехала міма, а яго паветранаю плыньню адкінула на ходнік у вялікую лужыну.
Хутка дождж скончыўся. Вецер панёс хмары далей, і на блакітным небе зазьзяла яркае сонейка, вельмі падобнае да велізарнага бліскучага шара. Вакол усё азарылася яго жыцьцестваральным сьвятлом – адразу стала ясна і цёпла.
«Як сонейка падобнае да мяне», – падумаў шарык і паглядзеў на сваё адлюстраваньне ў вадзе. Але тое, што ён убачыў там, зусім яго ня ўзрадавала. Стужачка зь белай ператварылася ў шэрую, а па круглай сьпінцы расьцякліся цёмныя пляміны бруду. Цяпер людзі гідліва адварочваліся ад яго і прабягалі міма. Самотны, няшчасны шарык плаваў у бруднай лужыне. Усім было не да яго…
– Вой, шарык! – празьвінеў побач тонкі дзіцячы галасок, і ў лужыну бясстрашна ступіў хлопчык у гумавых боціках. Ён беражліва дастаў з вады шарык і аднёс дадому. Там яго акуратна вымыў, прывязаў новую белую стужачку. Стаў шарык яшчэ больш прыгожым, чым раней. Увесь дзень хлопчык гуляў зь ім. Малы высока падкідваў шарык і, гледзячы, як той скача з боку ў бок, радасна сьмяяўся, пляскаючы ў далонькі.
Надышоў вечар. Малы лёг ва ўтульны цёплы ложак і, засынаючы, прашаптаў шарыку:
– Добрае ночы, маё сонейка!
– Ну, якое ж я сонейка? – сьціпла адказаў шарык. – Паглядзі, які я маленькі!
Але хлопчык яго не пачуў – ён моцна спаў і сьніў салодкія сны.
У акно зазірнуў мудры месяц і сказаў:
– Сонейкам называюць таго, хто дорыць блізкім цяпло сваёй душы, робячы іх жыцьцё яркім і сьветлым, таго, хто дорыць шчасьце.
Шарык прыхільна закалыхаўся яму ў адказ:
– Я зразумеў: той, хто сагравае жыцьцё іншага чалавека, і ёсьць ягонае сонейка!
І ён з удзячнасьцю паглядзеў на свайго новага сябра.