Дзяніс лёгка крануўся драўляных весьнічак. Яны з рыпеньнем парасхіснуліся й гасьцінна ўпусьцілі хлопца на акуратна выкашаны падворак пры вясковай хаце. Не пасьпеў Дзяніс ступіць і дзесяці крокаў, як зь вялікай будкі выскачыла маладая чорная аўчарка й кінулася ў ягоны бок. Ногі Дзяніса прырасьлі да зямлі, а з горла вырваўся немы крык: „Дзядзьку!“
Сабака рэзка спыніўся й, прыветна махаючы хвастом, зь неўразуменьнем паглядзеў на Дзяніса разумнымі вачыма. Тут на ганак выйшаў ейны гаспадар Васіль, паджылы мужчына гадоў сямідзесяці.
– Каго я бачу! Дзянісе! Ня бойся, ідзі спакойна – Анёл ня ўкусіць. Ён толькі звонку такі грозны. А папраўдзе сьветлая, добрая душа – мухі не пакрыўдзіць, таму на ланцуг не саджу. Уся вёска гэта ведае, і ніхто яго не баіцца. Ды й ён тутэйшых даўно вывучыў. Бо колькі нас старажылаў засталося – дзесяць ня больш. Памірае вёска нашая, акрамя майго Анёла сабак тут больш няма. Адзін на ўсю вёску застаўся – вось яго суседзі й песьцяць. Хто костку, хто кавалачак мяса, а хто й пачак корму занясе. А ён у мяне разумнік – усім, хто яго корміць, на падзяку рукі ліжа. Ну, чаго, Дзяніс, топчысься пры парозе – заходзь у хату, пагаворым.
Дзяніс пераступіў парог знаёмага дому. Сеў за засьцелены старою цыратаю стол і агледзіўся па баках. Вакол адчуваўся брак жаночае рукі. І ня дзіва – два гады таму ягоная любая цётка Ніна пайшла з гэтага сьвету. Дзяцей нарадзіць яна не змагла, і застаўся яйны муж дажываць свой век у самоце.
– Дык якім ветрам цябе да мяне занесла? – Спытаў Васіль. – Пасьля сьмерці цёткі ты й дарогі да мяне пазабыў. Хоць бы патэлефанаваў разок – старога б парадаваў.
– Даруй, дзьядзьку Вася, сталічнае жыцьцё закруціла. Вось быў у выправе па працы, у суседнім райцэнтры, і рашыў заехаць, Вас на вясельле запрасіць. Празь месяц жанюся.
– Жэнісься значыць? Добрая справа! Мужчына мусіць у пары жыць. Дзеткі народзяцца, будзе каму ў старасьці і памачгы, і шклянку вады падаць. Ня тое што мне… Адна родная душа ў мяне цяпер засталася – мой Анёл.
– А калі ў Вас сабака зьявіўся? – пацікавіўся Дзяніс.
– Празь месяц пасьля сьмерці Ніны. Бо я тады ў такой скрусе быў. Страшна запіў з гора. Як з памінак пачаў, дый месяц піў бяс просыпу. А аднойчы мяне чорт падбіў – кончыць з сабою. Устаў на золку, выпіў чарку гарэлкі за памін грэшнай душы маёй, і пайшоў тапіцца. Стаю на высокім мосьце, у глыбокі вір гляджу. А там Нунуля мая мроіцца, нібы рукі цягне – кліча мяне. Перахрысьціўся я, і ўжо перагнуўся цераз поручні, як тут нехта сьпіну маю кратнуў. Разагнуся, паварочваюся – стаіць мужык незнаёмы, а ў руках у яго невялікі палатняны мех.
– Слухай, дружа! Ты быццам тапіцца сабраўся? Прыхапі для кампаніі мяшок! – і сунуў яго мне ў рукі.
Паглядзеў на мяшок разгублена й ня ведаю, што адказаць. А той мужык бегма з мосту, сеў у машыну й газу даў. Тут як мех жаласьліва заенчыў! Сеў я на дарогу й стаў разьвязваць хутчэй. Тут, нарэшце, вяроўка паддалася й на сьвет высунулася спалоханая чорная пыска шчаняці. Дастаў яго, а ён небарака трусіцца са страху й мне ркуку ліжа. Тут мной злоба апанавала на таго мужыка, што хацеў у такога мілага, безабароннага стварэньня жыцьцё забраць. Прытуліў сабачку да сэрца й дамоў панёс. Вось з таго дня й жывём разам. Зь п’янкаю я тады раз і назаўсёды скончыў.
Стаў шчаня даглядаць, як дзіця. Павёз у места, у вэтклініку. Бо ён слабы быў, ды кульгаў. Пэўна таму й хацеў яго пазбавіцца колішні ўладар. Заплаціў я тады нямала, але ён таго вырты. Скора майго Анёла, як кажуць, на ногі паставілі. А яшчэ мне вэтэрэнар сказаў, што мой сабака пародзісты й прапанаваў мне добрыя грошы ў далярах. Але я ж да шчаняці ўжо пасьпеў прывязацца. Ён жа мой анёл-выратавальнік – старога дурня да жыцьця вярнуў!
Тут на ганак чорнаю стралою заляцеў Анёл. Бадбег да гаспадара й стаў вылізваць доўгім шорсткім языком спрацаваныя Васілёвы рукі й радасна махаць хвастом.
– Анёльчык мой! – ласкава прамовіў Васіль, гледзячы на свайго сябра.