Жыцьцё поўнае сюрпрызаў

Раніца вялікага места выдалася яснай і цёплай. Зоя Нікалаеўна прачнулася калі ў бясхмарным небе зьзяла сонца, ужо дастаткова высока паднялося над гарызонтам. Па звычцы, адным вокам, глянуўшы на гадзіньнік, напужана ўсхапілася з ложку.

– Які жах, дзясятая раніцы! Праспала працу! – ускрыкнула яна, шукаючы вачыма кудысьці зьбеглыя тэпці. Але раптам цяжка ўздыхнуўшы, зь зьедлівай усьмешкай, незадаволенна прабурчэла сабе пад нос:

– Зпамятала! Ад сягоньня я нясу заслужанае званьне – пэнсіянэр! Свабодная, быццам птушка! Вось і дачакалася…

Зоя Нікалаеўна баялася прыходу гэтага моманту ў ейным актыўным, насычаным падзеямі, жыцьці. Спадзявалася калісьці, што зможа доўга быць карыснай грамадзтву, але нездароўе зрабіла сваю справу – і пайшла яна на пэнсію з чыстым сумленьнем, не абцяжаючы кіраўніцтва частымі бальнічнымі лісткамі. Тым больш, што за шмат гадоў працы зарабіла добрую пэнсію і магла цяпер добра жыць, не ствараючы фінансавых праблем сваім дарослым дзецям.

За многія гады адзіноты, яна прывыкла быць незалежнай. Гэта адбылася з таго часу, калі пасьля пятнаццаці гадоў сужэнскага, як ёй тады здавалася, шчасьлівага жыцьця, яна разышлася з мужам Віктарам. Калісьці мімаходзь зайшла да яго на працу, і ў ягоным асабістым кабэнэце застала галубкоў у моманце пяшчотнага пацалунку. Пасьля бурнай сцэны, у даўганогае маладое сакратаркі была парадкам сапсавана прычоска, а ў мужа застаўся сьлед ад аплявухі – рука Зоі была цяжкая, як належала трэнэрцы лыжнага спорту. Віктар тады на каленях маліў прабачыць. Запэўніваў, што гэта ня тое, што яна падумала. Але, слухаючы, банальныя апраўданьні мужа, пагардліва маўчала. На наступны дзень падала на развод і праз колькі месяцаў атрымала свабоду. І закруціў яе вір жыцьця: дзеці, лецішча, работа з сталымі трэнаваньнямі, спабараваньнямі. Дзякуй богу, што бацькі былі жывымі й дапамагалі даглядаць дзяцей на час частых і доўгіх выправаў. Ні пра якое прыватнае жыцьцё не было часу й думаць, дый не хацелася. Сэрцу ж не закажаш… У Віктара асабістае жыцьцё таксама не склалася. Сакратарка праз пару гадоў яму наставіла рогі і ўцякла зь ягоным налепшым сябрам за мяжу. Застаўся Віктар сам. З таго часу, стаў часта зь дзецьмі сустракацца, добрыя алімэнты пераводзіць. Дапамог і навучаньне ва ўнівэрсытэце аплаціць, а калі займелі сем’і – пытаньня кватэр разьвязаць.

Зоіна даўняя сяброўка Зінка ўсе гэтыя годы ўгаворвала перапрасіць колішняга мужа:

– Ну, аступіўся праз дурасьць чалавек! Даруй яму! Добры ж мужык, працаваіты, непітушчы! Кахае цябе – інакш ужо б даўно зь іншай пасхадзіўся б. Спадзяецца ж, што даруеш! Ды я б за такога на край сьвету пайшла б, калі б паклікаў…

Аднаго разу Віктар сам паспрабаваў з Зояй прымірыцца. Торт „Кіеўскі“ і ейныя ўлюбёныя лілеі прыкупіў. Пазваніў у дзьверы каватэры прыбраны такі – у гарнітуры выходным, проста жаніх жаніхом! Ды паляцеў разам з гасьцінцамі лесьвіцай долу. Потым Зоі прыйшлося ад тлустага крэму ступенькі адмываць. І з таго дня яны больш ня бачыліся.

Зоя Нікалаеўна ўсьміхнулася, успомніўшы тую сьмешную сцэну дзесяцігадовае даўніны, затым зноў адкінулася на мяккую падушку й салодка пазяхнула. 

– Як добра! – пацягнулася ад задавальненьня ва ўтульным, цёплым ложку, падумала яна, але боль у сярэдзіне (паясьніцы) раптам памяняла хаду сваіх думак.

– Ды нічога добрага! Праклятая траўма нагадвае пра сябе.

Маркотныя думкі перарваў тэлефонны званок.

– Слухаю! – незадаволена ў слухаўку прабурчэла Зоя Нікалаеўна, якая была вымушаная, трымаючыся за сьпіну, кульгаць да дамашняга тэлефону.

– Прывітаньне юнаму пэнсіянэру! – прагучаў жартаўлівы голас сяброўкі Зінкі. – атрымлівае асалоду ад свабоды?

– Атрымлівае асалоду ад радыкуліту! – незадаволена адказала Зоя, паглажваючы рукою бальное месца.

– Вось, што гультаяваньне робіць з чалавекам! Усё, ад заўтра пачынаем актыўнае спартовае жыцьцё! Будзем займацца скандынаўскай хадою на сьвежым паветры! Я тут невялікую групу пэнсіянэраў згуртавала. Сярод іх ёсьць адзін вельмі цікавы мужчына. А раптам гэта твой лёс? Бо жыцьцё поўнае сюрпрызаў! Ну, а цяпер пра галоўнае – усе гатовыя неадкладна ўзяцца за трэнаваньне. Цябе прызначу трэнэрам. І ніякіх пярэчаньняў – слухаць ня буду. Першая сустрэча заўтра, у парку, блізка твайго дому. Зьбіраемся на цэнтральнай прысадзе – роўна а 9 раніцы, у спартовай форме, з спэцрыштункам – накшталт лыжных палак. І ня забудзься на мой падарунак! Ну, усё, да сустрэчы, дарагая! Лячы сьпінку!  Чакаю заўтрашні дзень зь нецярпеньнем! – загадкава хіхікнула Зінка й палажыла слухаўку, нават не дала Зоі адкрыць роту.

Бліжэй да вечару боль у сярэдзіне суцішыўся. За гады спартовага жыцьця Зоя Нікалаеўна навучылася хутка аднаўляцца ад гэтай напасьці й наступнай раніцай, дакладна ў прызначаны час, яна, ганарліва выпрастала сьпіну, стаялу каля чыгунных варот парку, трымаючы ў руках падарунак прадбачлівай Зінкі – палкі для скандынаўскай хады. Мінула 15 хвілін, але ніхто не зьявіўся. Пунктуальную Зою Нікалаеўну прывычка сяброўкі спазьняцца заўсёды абурала, але за амаль сорак гадоў сяброўства – зьмірылася.

– Ну, добра Зінка! – пацепваючы плячыма, зьдзіўлена думала яна. – А дзе ж астатнія?

Зоя Нікалаеўна з надзеяй углядвалася ў глыб парку, дзе пабачыла некалькі сталых дам, што прахаджваліся з сабакамі розных масьцей і памераў. Урэшце, страціўшы цярпеньне, набрала тэлефон сяброўкі. Абанэнт быў па-за зонай доступу. Наступныя спробы былі беспасьпяховымі. І тут з-за сьпіны раздаўся прыемны, вельмі знаёмы мужчынскі голас,

– Прабачце, я трохі спазьніўся, Вы на трэнаваньне?

Зоя Нікалаеўна рэзка павярнулася й пабачыла насупраць сябе, апранутага ў спартове, высокага сівога мужчыну, зь недарэчнымі лыжнымі палкамі ў руках. Ён відочна не чакаў такой сустрэчы і шырокімі ад зьдзіўленьня вачыма разгублена глядзеў на яе. Зоя Нікалаеўна была шакаваная ня менш. Яна аслупянела, пазнаўшы… колішняга мужа. У ейных зялёных вачах прамільганулі гнеўныя іскаркі, губы сьціснуліся ў танюткія ніткі. Зоі Нікалаеўне раптам падалося, што не адчувае ног. Яна кіўналася ўперад і, каб не згубіць раўнавагі, пасьпяшала аперцеся на палкі. Глыбока дыхаючы, расчырванеўлая ад хваляваньня, скрозь зубы, ледзь чутно прашаптала: „Ну, сябровачка! Ну, зводніца!“

Далей пасьледвала зацягнутая нямая сцэна. А калі бура ў душы Зоі Нікалаеўны канчаткова суцішылася, яна з палёгкай уздыхнула і, паглядзеўшы доўгім позіркам Віктару ў вочы, штучна сурова сказала:

– Купі, калі ласка, да наступнага трэнаваньня спэцыяльныя палкі. І прашу – больш не спазьняцца. Ты ж ведаеш – я не люблю чакаць!

– Абяцаю – гэта больш ніколі не паўторыцца! – расьсьмяяўся Віктар, гледзячы на яе зіхоткімі ад шчасьця вачыма!

У той жа час, на процілеглай старане вуліцы, асьцярожна выглядаючы з-за кіёску Саюздруку, на іх глядзела Зінка. Пабачыўшы, як знаёмыя постаці, апіраючыся на палкі, павольна пайшлі поруч прысадамі ў глыб парку, задаволена ўсьміхнулася і ўскочыла ў аўтобус, які спыніўся на прыпынку.