Парк успамінаў

У старым мескім парку панавала бабіна лета. Яно паразмалёўвала дрэвы ў яркія фарбы і напоўніла паветра празрыстай ядранасьцю. Скрозь пераплеценыя галіны дрэў, якія ўзвышаліся абапал алеі, праглядвала чыстае, бяздоннае неба. Сонца сьвяціла па-летняму ярка і дарыла сваю разьвітальную цеплыню.

Гэта чароўная прыгажосьць завяданьня прыроды прыцягвала Сьвятлану. Пасьля працы яна сьпяшала ў цішу бязьлюднага парку і, паволі прагульвалася бясконцымі дарожкамі, слухала гукі шапаценьня апалага лісьця пад нагамі.

Сьвятлана жыла побач, на суседняй вуліцы. Будучы яшчэ дзіцем, шпацыравала з бацькамі шырокімі паркавымі алеямі. А калі стала старэйшай, прыходзіла сюду з школьнымі сябрамі. Тут жа пасьля выпускной балі танцавала ў коле выпусьнікоў пад гукі сяміструннай гітары. Перабіраючы струны, зачаравана глядзеў на Сьвятлану Паўлік – сьветлавалосы, усьмешлівы хлопец з паралельнай клясы. На ўсё жыцьцё яна запамятала, як ён пяял папулярную ў той час песьню „Там, где клён шумит над речной волной“. А Сьвятлана, расчырванелая і ўсхваляваная, хавала ад яго зьбянтэжаны погляд.

У тую рамантычную летнюю ноч Павал прызнаўся ёй у каханьні. Ёкнула ў грудзёх маладое сэрца, зашчаміла салодкім каханьнем. Трымаючыся за рукі, сутрэлі яны свой першы сьвятанак дарослага жыцьця. У ружовых, яшчэ па-дзіцячаму чыстых марах, будучыня ўяўлялася ім прыгожай і бясхмарнай. Але ўсё выйшла ня так проста. 

Іх спробы паступіць у інстытут праваліліся. Сьвета аказалася ў мэдычнай вучэльні, а Павал восеньню атрымаў позву ў вайскамат. Такім жа пагодным дзяньком бабінага лета, у абдымку, ішлі яны бязьлюднаю кляноваю алеяй. Жоўтае лісьце разьвітальным дажджом асыпала іх, навейваючы ціхую маркоту. Перад доўгай разлукай, тут, пад высокім клёнам, далі яны адно аднаму клятву вечнага каханьня. А наступнай раніцай яны разьвіталіся перад варотамі вайскамата.

Першыя месяцы Сьвятлана часта атрымлівала лісты з арміі. Зь іх жа даведалася, што Павал трапіў у дэсантныя войскі. А потым весткі сталі прыходзіць ўсё радзей і радзей. Тэксты лістоў, скупыя і стрыманыя, пужалі Сьвятлану нейкай недасказанасьцю. У душы было неспакойна, бо ішоў 1980-ы год, другі год Афганскай вайны.

Гады службы праімчаліся, і вось зноў, у абдымку, ішлі яны знаёмымі дарожкамі парку. Толькі Павал стаў якімсьці другім. Усьмешка зьнікла зь ягоных устаў, а ў некалі вясёлых вачах застыў смутак. Доўга, гледзячы невядушчым позіркам кудысьці ў далечыню, ён маўчаў. Думкі яго ляталі ў іншым, толькі яму зразумелым сьвеце.

Амаль штовечар яны сустракаліся ў парку. Закаханым не былі страшны ні лістападаўскія халодныя дажджы, ні зімовыя халады й завеі. Падоўгу, трымаючыся за рукі, блукалі яны бязьлюднымі, знаёмымі алеямі.

Доўгія шпацыры заспакойвалі Паўла, выціскаючы з памяці цяжкія ўспаміны. Прырода лячыла ягоную душу, а ўзаемнае каханьне сагравала сэрца. Неўзабаве, пад тым жа клёнам, Павал зрабіў Сьвятлане асьведчыны.

Вясною у цёплы, травеньскі дзень яны згулялі вясельле. Пасьля вясёлай бяседы, у атачэньні сяброў, прагульваліся маладыя алеяй яблынь у цьвеце. Дрэвы асыпалі іх белым дажджом з лёгкіх аксамітных пялёсткаў. Далікатны, салодкі водар цьвету п’яніў Сьвятлану, кружыў галаву, а ейная душа сьпявала вечную песьню любові. У тыя непаўторыня імгненьні яна шчыра верыла, што іх шлюб будзе самым шчасьлівым на зямлі.

„В мае замуж пойдёшь – всю жизнь маяться будешь!“ – папераджалі напярэдадні вясельля бацькі.

Сьвятлана цьвёрда верыла, што над сапраўднымі пачуцьцямі забабоны ня маюць сілы і мела рацыю. На зайздрасьць усім жыла сям’я ў любові й згодзе. У доме быў і ўтульнасьць і дастатак. Павал аказаўся ласкавым мужам, добрым гаспадаром і дбайным бацькам. Адзін за адным нарадзіліся два сыны. Расьлі яны здаровымі й паслухмянымі. Бацькоў паважалі, дый паміж сабою дружна жылі, ня сварыліся.

Кожную вольную хвіліну сям’я сьпяшалася ва ўлюбёнае месца адпачынку-парк.

Сьвятлана з мужам сядалі на чугуннай лаўцы ў густым ценю высокіх клёнаў. Паклаўшы галаву на плячо каханага, яна з шчаснаю ўсьмешкаю наглядала дзяцей, якія гуляліся на лужку. Гледзячы на іх, Сьвятлана думала, што ўсё ў ейным жыцьці склалася на рэдксьць добра.

Але ня дарма кажуць людзі „Век зьвекаваць – ня пальцам паківаць“. Міналі гады, вырасьлі сыны, пастваралі свае сем’і. Сьвятлана ўвесь свадбодны час прысьвячала ўнукам і не заўважыла, як над ёй згусьцелі чорныя хмары. Сяброўка Галіна расплюшчыла вочы Сьвятлане, ды яшчэ для нагляднасьці й здымак паказала, дзе Павал з маладзенькаю бляндынкаю цалуецца. Вось так, у адзін міг, пасьля амаль 30 гадоў жыцьця разам, разьбілася сямейная чаша.

Бяз скандалаў і сьлёз выставіла Сьвятлана мужавы рэчы за парог, а ён і не пярэчыў. Новае каханьне зацягнула яго ў спакусьлівы вір…

Пасьля цяжкага разводу сыны стараліся падтрымаць маму. Аднак затоеная крыўда душыла, мучала душу, не даючы самотнымі начамі сну і спакою. Толькі супольны час з унукамі і ратаваў. Але нядоўга. Так склалася, што сыны выехалі жыць далёка за мяжу. І засталася Сьвятлана зусім адна ў вялікай кватэры. Сыны пераконвалі, проста настойвалі пераехаць да іх, але не магла Сьвятлана ад роднай зямлі адарвацца, кінуць бацькоўскія магілы, старых сяброў і галоўнае – свой улюбёны парк. Хіба на чужыне знойдзецца такі цудоўны куток для ейнай душы?

Толькі тут, набіралася жыватворнай энэргіяй прыроды, чэрпала яна све сілы. І калі было цяжка, калі непакоілі праблемы, сьпяшыла яна ў таемную цень старых алей. І раставалі, зьнікалі турботы, што разрывалі яе, тое што мучала й здавалася безвыходным, раптам аказвалася дробным і лёгка разьвязаным.

Вось і сёньня яна сьпяшыла сюды ня проста так. Трэба было прыняць важнае разьвязаньне. Колішні муж вярнуўся й запрапанаваў зноў жыць разам. Колькі ж гадоў яна чакала гэтай хвіліны, праварочвала ў галаве пагардлівыя словы адмовы! А тут, пабачыўшы яго з букетам руж, якія яна так любіла, разгубілася як дзяўчынка. І замест таго, каб выставіць прэч, пагадзілася падумаць. Ды аказалася нялёгка прабачыць нявернаму мужу… Ах, як нялёгка! Страхі й сумневеы разрывалі ёй душу, параненую за годы разлукі.

„Ці варта пачынаць стасункі нанава? Не маладая ўжо…“ – зноў і зноў задавала сабе пытаньне Сьвятлана: паволі ступаючы дарожкай. 

Пагружаная ў думкі, яна не заўважыла, як зьвярнула на знаёмую кляновую алею. Пад высокімі дрэвамі стаялі некалькі чугунных лаў. На адной зь іх сядзела шумная кампанія моладзі. Позірк Сьвятланы нявольна спыніўся на сьветлавалосым хлопцы, які спрытна перабіраў струны гітары, ён сьпяваў сумную песьню пра нешачасьлівае каханьне… 

„Там, где клен шумит над речной волной…“ – пачула знаёмыя словы Сьвятлана. 

І раптам на яе нахлынула хваля ўспамінаў. Усплыла ў памяці прызнаньне Паўла ў каханьні, песьні пад гітару ў далёкую червеньскую ноч, іх першы салодкі пацалунак. Успомніліся шчасьлівыя гады сужэнства, нараджэньне сыноў, іх першыя крокі, радасьці й беды, што дзялілі яны разам з Паўла. У адно імгненьне пацьмянелі, зніклі прошлыя крыўды…

Рашуча дастаўшы з торбачкі сотавы тэлефон, Сьвятлана, дрыготкаю ад хваляваньня рукою, набрала знаёмы нумар.