Палонны

Стаяў сонечны травеньскі дзень. Тамара адчыніла акно вясковай хаты і запусьціла вясновую цеплыню. Хваля нагрэтага паветру паволі напоўніла прастору пакояў, праганяючы прэч холад і сырасьць, што панавалі тут яшчэ зь мінулага году. Жанчына прынесла дровы й распаліла старую рускую печ. Па дровах гарэзьліва заскакалі яркія аганькі. Празь колькі гадзін печ нагрэецца, і ў хату вернецца цяпло.

Тамара раптам адчула, што троху замерзла. Вядома, можна выйсьці на двор і прысесьці на лаву, асьветленую сонцам. Але тут яна ўспомніла пра закінутае гарышча, дзе ў дзяцінстве часта любіла гуляцца. У тыя далёкія гады там цэлы год было цёпла й суха. Зімою палілася ў печы, і па цагляным коміне падымаўся дым, адначасова праграваючы ейны ўлюбёны схоў, а летам ішла гарачыня ад прагэтай сонцам страхі. Колькі часу мінула з тае пары! Пасьля адыходу бацькоў Тамара туды больш не заглядвала. Ды і ў родную вёску, што была далёка ад сталіцы, яна рэдка прыяжджала. Мескае сумятлівае жыцьцё забірала ўвесь вольны час.

Жанчына лёгка паднялася па драўлянай драбіне. Адгарнула дашчанае вечка…

За сьценамі дома віравала жыцьцё – прырода ажывала пасьля доўгага сну. А тут панавалі паўзмрок і страшэнная духата, настоеная на шматгадовым пылу. На міг пераняло дыханьне. Закашляўшыся, Тамара агледзелася. Старыя чыгункі, якія калісь служылі яшчэ ейным продкам для гатаваньня ежы, валяліся ў куце; некалькі бітонаў, у якіх раней перавозілі малако, ляжалі пад нагамі; лазовыя кашы, сьплеценыя дзедам і вялікая старая валіза, якую ён прывез ім па вяртаньні зь нямецкага палону, сіратліва стаялі ў баку.   

Немая ціша ціснула нэрвы. „Ціха і змрочна, быццам у адзіночнай камэры!“ – падумала жанчына. Але тут пачуўся нейкі незразумелы гук з боку малога акенца, адзінай крыніцы сьвятла ў гэтым цёмным гаспадарстве. Каб не ўдарыцца аб нізкія кроквы, Тамара прыгнула галаву, і асьцярожна ступаючы, рушыла ў яго прасьцінку. Цьмянае ад шматгадовага павуціньня, шкло слаба прапускала сонечныя промені, а на сустрэчу ім стараўся прабіцца матылёк. Ён, ламаючы крыльца, утрапёна біўся аб непераадольную перашкоду, імкнучыся вырвацца на свабоду.

Жанчына паспрабавала схапіць крохкае стварэньне за крылца, але ён высьлізнуў ад яе.

–Дурны! – з дакорам сказала Тамара. – Я ж цябе ратую! Ты не загінеш, як усе тыя, што калісьці заляталі сюды і так не здолелі знайсьці дарогу на волю. Колькі іх малюсенькіх цельцеў засталося ляжаць тут на бруднай падлозе.

Зьнясілены матылёк, быццам пачуўшы гэтыя словы, на міг суняўся. Тамара далікатна прыняла за танюткія, быццам з пэргамэнту, крыльца, і ўжо празь некалькі хвілін стаяла на ганку дому. Яна асьцярожна расслабіла пальцы, і матылёк раскрыў пакамечаныя, слабыя крылцы й няўпэўнена паляцеў.

– Павіна вока! – з захапленьнем падумала Тамара, гледзячы на крылы зь нязвычайным малюнкам у выглядзе выразных плям, што нагадвалі чатыры блакітныя вокі. – Якіх толькі ў маім дзяцінстве не было рознакаляровых матылькоў! Але сапраўды спадабаўся менавіта гэты харашун, з магічным малюнкам на цёмных крылах!

Калі я была яшчэ дзіцем, я любіла назіраць за яго пырханьнем над кветнікам, пасаджаным мамінымі рукамі. 

Матылёк тым часам апусьціўся на жоўтую кветку дзьмухаўца і, выпусьціўшы тонкі хабаток, стаў піць нэктар. Ён доўга сядзеў на кветцы, набіраючыся сіл. Потым, лёгка і ўпэўнена падняўся ў паветра, паляцеў у сваіх справах.

Жанчына з усьмешкай паглядзела на бяздоннае блакітнае наба й з асалодай удыхнула п’янлівае травеньскае паветра. Затым, быццам, зьбіраючыся ўзьляцець, падняла за сьпінай рукі і сказала: „Якое ўсё ж шчасьце – быць свабоднаю!“