Неспадзяваны сюрпрыз

Жыцьцё часам дарыць неспадзяваныя сюрпрызы. І такі сюрпрыз чакаў маладога праграміста Макса каля пад’езду дому, дзе ён наймаў аднапакаёўку. Гэта была дарослая, буйная, цёмна-шэрая кошка паласатай масьці, зь белай „манішкай“ і белымі „шкарпэткамі“ на доўгіх лапах. Яна даверліва падыйшла да новага знаёмага, і ветліва паціраючыся аб ягоную нагу, паглядзела вялікімі зялёнымі вычыма. У Максавай торбе ляжала вяндліна, і неўзабаве кавалак дэлікатэсу апынуўся ў пашчы кошкі.

Наступнага дня, Макс наўсялякі выпадак зайшоў у зоакраму, дзе купіў дарагі сухі корм. І не памыліўся – кошка чакала яго каля пад’езду. Кожны дзень Макс карміў зеленавокую прыгажуню. Гэты прыклад перанялі й суседзі з пад’езду.

Наступіў дажджысты, халодны лістапад. У адзін зь вечароў кошка зноў сустрэла Макса. Мокрая, яна трусілася ад холаду, кошка глядзела на свайго даўняга знаёмага засмучанымі вачыма. Ад гэтага погляду ў Макса зашчымела на сэрцы. Ён адчыніў дзьверы й запусьціў яе ў пад’езд, падумаўшы, што ў цяплыні яна хутчэй абсохне, а суседзі, у разе чаго, выпусьцяць яе на двор. Але ў кошкі былі свае пляны. Яна забегла за Максам у кабіну ліфта і ўжо празь пяць хвілін упэўнена зайшла ў кватэру. Хутка аглядзеўшы і абнюхаўшы новае жыльлё, легла каля цёплага радыятара й спакойна заснула. 

Неўзабаве з працы прыйшла Арына – жонка Макса. Яна абрадавалася, калі пабачыла зеленавокую госьцю – Арына даўно ўпадабала гэтую кошку. Але думала, што кошка згубілася, таму сфатаграфала госьцю, пакуль тая спала, і зьмясьціла фота ў сеціве, спадзяючыся знайсьці гаспадароў.

Кошка праспала даволі доўга, і нарэшчце прачнуўшыся, адразу накіравалася ў кухню, дзе яе ўжо чакаў корм. Але кошку зацікавіла іншае. Яна лёгка ўскочыла на кухонны сол і пачала грызьці сіткаваты шакаляд. Што шакавала Макса і Арыну. Але на гэтым ейныя выхадкі ня скончыліся. 

Кошку адправілі ў ванную, дзе яна дала сябе старанна вымыць і пакорна стаяла пад струменямі вады. Макс закрыў яе на кухні, дзе дбайна разаслаў мяккі дыванок. Сужэнцы леглі спаць. Але як яны зьдзівіліся, калі раніцай пабачылі кошку, якая спала ў іхным ложку!

Ідучы на працу, Макс зноў закрыў кошку на кухні, перад гэтым ён праверыў, што дзверы шчыльна зачыненыя. Аднак кошка ўвечары сустрэла іх каля парогу кватэры. У той жа вечар, кошка ўскараскалася на сядзеньне вэлясыпэду, што стаяў на бальконе, і ўстаўшы на заднія лапы, кошка спрабавала адчыніць фортку. За што атрымала вымову і была прагнаная з балькону. Мала што можа здарыцца. Усё ж дванаццаты паверх.

Мінуў тыдзень. З інтэрнэту ніякіх вестак не было. Расклеяныя каля пад’ездаў суседніх дамоў здымкі таксама не далі плёну. Гаспадары не азываліся. На сямейнай нарадзе было пастаноўлена – прытуліць кошку і даць ёй клічку Дуся. Так ў кватэры Макса і Арыны зьявілася вустая кватарантка.

На радасьць новых гаспадароў, Дуся аказалася вельмі шустрай і цікаўнай. Неўзабаве яна добра засвоілася ў кватэры. Яна аблазіла ўсе куткі кватэры, і цэлы дзень, быццам заведзеная, бяз стомы ганяла па пакоі маленькія кулькі, гуляла з рознымі цацкамі, якімі кошку шчодра адарыла пара. Неўрымсьлівая кошка не давала засумаваць ні сабе, ні гаспадарам. І хутка яны прывязаліся да Дусі ўсім сэрцам.

Тым часам мінула некалькі месяцаў. Ад сытага жыцьця Дуся заўважна прыбавіла ў вазе і ператварылася ў не без таго буйную кошку. Макс і Арына днямі прападалі на працы, а Дуся была ў кватэры паўнапраўнай гаспадыняй, што ёй вельмі падабалася. Але неўзабаве ўсё зьмянілася. Маладым праграмістам прапанавалі замежнае камандаваньне. Пастанавілі адмовіцца ад арэнды кватэры, а Дусю адвезьлі да Максавай мамы Вольгі Леанідаўны. У той была свая кошка Буся, і зьяўленьне яшчэ адной маму не парадавала. Але псаваць стасункі з сынам не хацелася, і яна без ахвоты, але пагадзілася прыглядзець за іх улюбёнкаю.

Пасьля ад’езду Макса і Арыны Дуся засмавала. Некалькі дзён яна ні ела, ні піла. Вольга Леанідаўна нават напалохалася за здароўе кошкі. Але неўзабаве Дуся ажыла, чаму паспрыяла гульлівая пярэстая кошачка Буся. Яна пачала какетліва дурэць перад Дусяй, хоць тая прыкметна перасягала ў вазе. Дуся адказала ўзаемнасьцю, хадзіла вакол Бусі коламі, быццам заляцаючыся. За што атрымала першае папярэджаньне – лёгкі пінок мятлой пад хвост. 

Сытуацыя абвастралася. Гаспадыня любіла шакаляд і Дуся таксама. І калі кошка чарговым разам прагразла салодкі ласунак, Вольга Леанідаўна пляснула Дусю мятлою мацней. Кошка не стрывала такой абразы і, пусьціўшы вострыя, як брытва, кіпці, да крыві падрапала гаспадыні нагу. Тая ад болю загаласіла, лаючыся апошнімі словамі шкадлівую кошку, пабегла апрацоўваць рану. Апамятаўшысь, патэлефанавала ў найбліжэйшую вэтэрынарную лякарню: дзе праз гадзіну прызначылі прыём. У доўгіх пальчатках, Вольга Леанідаўна насілу запхала назадаволеную кошку ў вялікую носку і пацягнула цяжкі груз да вэтэрынара. 

Прыём вяла маладая лекарка.

– Доктар, агледзьце, калі ласка, кошку! – папрасіла Вольга Леанідаўна. – Можа яна шалёная? Нагу мне да крыві разлупіла. І кіпцюры коратка падрэжце, бо вострыя, як брытва.

– А як зваць вашую прыгажуню? – спытала лекарка, запаўнаючы картку. 

– Дуся! – адказала Вольга Леанідаўна.

– Узрост?

– Ня ведаю. Сын яе на вуліцы падабраў.

– Ясна. Пачакайце ў калідоры. Я вас запрашу, як скончым! – ветліва сказала вэтэрынарка.

Вольга Леанідаўна чакаючы села ў крэсла каля кабэнэту. За дзьвярыма было чуваць жаласьлівае мяўканьне кошкі.

Прайшло троху часу, і Вольга Леанідаўна ўвайшла ў кабэнэт. Дуся спакойна ляжала перад лекаркай. 

Вэтэрынарнка задумлёна разглядала яе, а потым перавяла вочы на гаспадыню, разгубленна пацепала плячыма і сказала:

– Прабачце, я не адразу разабралася. Так бывае, калі кот пакладаны.

– Нешта я не зусім разумею, што вы маеце на ўвазе? – зьдзівілася Вольга Леанідаўна.

– Рэч у тым, што гэта зусім ня Дуся, а Дусік. Гэта кот. Яму блізка два гады, і ён цалкам здаровы. А вы пастарайцеся яго ня крыўдзіць, тады праблем зь ім ня будзе. Ён разумны кот. З часам вы пасябруеце – паверце. 

Па вяртаньні дамоў, Вольга Леанідаўна выпусьціла з носкі Дусіка. Буся адразу ж падбегла да свайго сябра і пачала задаволена вылізваць ягоную пысу. Вольга Леанідаўна, усьміхаючыся, паглядзела на салодкую парачку і ў Viber-ы набрала сыну. 

– Вітаю, сынок! Віншую, у вас хлопчык! – ледзь стрымліваючы сьмех, сказала яна.