Раніца ў Ірыны выдалася кепскай – страшна разбалелася галава. Дзякуй богу, што гэта была пятніца і Ірына змагла ўзяць адгул. За тры дні адляжыцца, а ў панядзелак са здароваю галавой возьмецца за квартальную справаздачу.
Яна наглаталася таблетак і бліжэй да абеду адчула сябе значна лепей, пастанавіла размарозіць лядоўню. Але тут яе чакаў непрыемны сюрпрыз. Парваўся ўшчыльняльнік дзьверцаў маразільнае камэры. Унутры намарозіла тоўсты слой сьнегу, частка якога пляснулася на ногі.
– Ну і падаруначак! – падумала Ірына, страсаючы з ног халодны камяк. – Трэба неадкладна нешта рабіць. Быў бы поруч муж – рашыў бы праблему. Рукі яму бог даў залатыя, але быў аматар прамачыць горла. Таму й разьвялася. Што ж рабіць? Выклікаць майстра па абвестцы – рызыкоўна. Вось аднаго разу запрасіла так сантэхніка. А ён адною рукою рамантаваў унітаз, а другою ножку ейную рашыў пагладзіць. За што са скандалам быў пагнаны з кватэры.
Але зьявілася добрая ідэя! Ёсьць у Ірыны даўняя сяброўка Вольга, зь якою яна сябравала зь дзяцінства. У Вольгі ўжо вялікая сям’я, а ў Ірыны толькі ўлюбёная праца. Іх жыцьці – кардынальныя процілегласьці, можа таму іх камунікацыя цяпер абмяжоўвалася тэлефоннымі размовамі, дый тыя былі рэдкімі. Вольга была надзіва добрай і чулай жанчынай, якая нікому ў парадзе не адмаўляла. Можа штосьці слушнае падкажа? І Ірына набрала дамашні нумар сяброўкі.
Тая хутка адгукнулася на просьбу, узяўшы на сябе папярэднія перамовы з знаёмым майстрам. Мінула гадзіна, другая, трэцяя – сяброўка маўчала. Ірына, страціла цярпеньне, сама патэлефанавала ёй.
– Ня буду больш табе дапамагаць! – загаласіла ў слухаўку Вольга. Дамовілася з майстрам, перазваньваю табе на сотавы. А ты адказваеш: „Не туды трапілі!“ А потым наогул проста слухаўку не падымаеш.
– Нічога не разумею. Каму ты тэлефанавала? Мне?
– Не ўдавай дурніцу! Што я ня ведаю, куды тэлефаную. І ў слухаўцы загучалі кароткія гудкі.
Ірына сабралася духам, зноў патэлефанавала сяброўцы, але ўжо на мабільны. Ведаючы яе рахманы характар, прашчабятала жаласьлівым голасам.
– Ну Волечка, міленькая, паглядзі ўважліва. Ты на гэты нумара тэлефанавала?
І тут у слухаўцы пачуўся зьдзіўлены голас сяброўкі:
– У цябе што, новы нумар?
– Ды ўжо скора паўгода! Я ж табе пра гэта гаварыла, няпамятлівая ты мая! – расьсьмяялася Ірына.
– Ну й гламазда я! – усклікнула Вольга. – Новы нумар у памяць усё не запішу. Вось чаму твой голас быў падазрона не падобны. Падумала, што прастудзілася. Пачакай! Дык я ж яшчэ перапытала:
– Ірыша, гэта ты?
– Так! – адказала яна.
– Значыць, твой нумар аддалі цёзцы? – І Вольга шчыра зарагатала. Затым хутка паведаміла:
– Запішы нумар майстра. Мне яго знаёмыя параілі, калі мая лядоўня сапсавалася. Дык ён яе так направіў, што тая працаваць лепей чым раней пачала. Выдатны спэцыяліст. Працуе ў прыватнай фірме. Май на ўвазе – ён нядаўна разышоўся. Былая зь дзіцем, укаціла з каханкам за мяжу. Завуць майстра Сяржук. Прывабны на від, гаспадарлівы, ня п’е, ня курыць. Машыну, кватэру мае. Ірыша, а раптам гэта мужчына тваёй мары? – пажартавала Вольга й паклала слухаўку.
Ірыну не зьдзівілі словы сяброўк, якая праяўляла зашмат увагі да неўладкаванасьці ейнага прыватнага жыцьця. Аднаго разу, Вольга пазнаёміла Ірыну з калегам мужа, які нядаўна ўладкаваўся да яго ў фірму. Весь такі фарсісты, сымпатычны самавіты мужчына дарыў букеты кветак, вадзіў у тэатры й рэстараны. І вось урэшце закаханая Ірына запрасіла кавалера ў госьці на раматычную вячэру. У той вечар яна прыбралася, быццам мадэлка на подыюм! Аблягальную кароткую сукенку з дэкальтэ апранула, нагатавала мора страваў, сьвечы на стол паставіла й пляшку халодненькае гарэлкі. Што вельмі пацешыла госьця – выпіў амаль усю тую водку сам, не закусваючы. Ірыну тады ледзь удар не хапіў. Ейны колішні падобнае ўчыняў. Дапамагла ўжо ап’янеламу кавалеру апрануць пальто, выклікала таксі й выставіла за парог.
Ірына прагнала старыя прыкрыя ўспаміны і набарала нумар майста.
Адказаў прымены мужчынскі голас.
– Я ад Вольгі, – суха сказала Ірына.
– Вельмі рады! – лісьліва прамовіў мужчына. – Чуў пра вашу праблему. Ну, аб’ём працы маленькі. Замяніць ушчыльняльнік можа і ваш муж. Таньней будзе.
– Быў муж, ды аб’еўся груш! – дзёрзка адказала Ірына. – Вашая праўда, ня варта ехаць праз такія дробязі. Перапрашаю за турботы! Бывайце!
– Нічога, сама знайду майстра, у сеціве абвестак многа. У сталіцы ўсё ж такі жыву! – падумала яна, села за кампутар.
Паўгадзіны шуканьняў скончыліся пасьпяхова, і дыспэчар незадаволена прыняла заказ на нязначны рамонт, папярэдне паабяцаўшы, што майстар патэлефануе цягам гадзіны. Ужо праз чвэрць гадзіны зазваніў тэлефон. Нумар быў знаёмы, дый голас таксама.
– Даруйце, але я ўжо выклікала іншага майстра! – з раздарожненьнем у голасе выпаліла Ірына неадчэпнаму мужчыну.
– Дык гэта я і ёсьць! Вось атрымаў указаньне ад кіраўніцтва. Матэрыялы ўжо загружаныя ў машыну. Таму чакайце, скора буду! – і абанэнт разлучуўся, што цалкам зьбянтэжала Ірыну.
Неўзабаве ў дзьверы кватэры пазванілі. На парозе стаяў прысадзісты цемнавокі мужчына ў спэцоўцы, з куфэркам інструмэнтаў у руцэ.
– Майстра выклікалі? – зь ветлівай ўсьмешкай, спытаў ён, зь цікаўнасьцю гледзячы на мілавідную гаспадыню. Ад ягонага праніглівага погляду Ірына разгубілася. А потым ацяміўшыся, какетліва ўсьміхнулася й кіўнула ў адказ.
Мінуў роўна год. У кватэры пачуўся пранізьлівы званок у дзьверы. Ірына пасьпяшалася адчыніць. У дзьвярах зь вялікім букетам якра-чырвоных ружаў, усьміхаючыся, стаяў Сяржук.
– З днём нашага знаёмства, мілая! – сказаў ён, цалуючы жонку, якая зьзяла ад шчасьця.