У сьвінкі Марцэлі зьявілася на сьвет патомства: двое ружовых парасятак з кругленькімі лычыкамі і прыгожымі хвосьцікамі-завіткамі. Старэйшага сыночка яна назвала Пузік, бо ў яго было тоўсьценькае брушка. А малодшага, за ягоны няўрымсьлівы характар, назвала Бандыт, скарочана – Бандзі. Вядома, парсючку ягонае імя ня надта падабалася.
– Які ж я Бандыт? – пакрыўджана бурчэў ён. – Ну, ганяюся за курачкамі. Ну, перакульваю іхную кармушку. Ну, гучна рохкаю і стукаю капыткамі, калі ўсе кладуцца спаць. А чаму на мяне сварыцца гаспадыня, калі я з разьбегу скачу ў брудную лужынку ў той час, як яна побач ідзе? Як жа яна сьмешна пішчыць, калі на яе пырскі ляцяць. Зусім як братка Пузік, калі я яго за хвосьцік кусаю! Не разумею: чаму яны крыўдзяцца? Гэта ж так весела!
Матуля-сьвінка і ўгаворвала, і карала непаслухмянага сыночка за правіны, але ён усё роўна ня слухаўся, працягваў сваволіць, як і раней. У адзін з пагодлівых летніх дзён усё сьвінчына сямейства купалася ў лужыне. Рохкаючы ад задавальненьня, сьвінкі пераварочваліся з аднаго боку на другі і, урэшце, салодка заснулі на траўцы. Усе, акрамя Бандзі. Яму было вельмі нудна. Куры дзесьці схаваліся ад сьпёкі, і парасяці не было за кім паганяцца. Тут яму ў вочы кінулася дзірка ў плоце, які абгароджваў усю сядзібу, і Бандзі адразу забыўся пра засьцярогу мамы: «Не хадзі, сынок, адзін за плот. Там можа падпільноўваць страшны шэры воўк. Ён крадзе даверлівых парсючкоў і нясе іх у далёкі лес, адкуль яны ніколі ўжо да матулі не вяртаюцца».
Парсючку страшна захацелася ў гэты момант паглядзець, што там за плотам. Хоць і зь цяжкасьцю, але яму ўдалося праціснуцца ў тую дзірку. А там адкрыўся цэлы новы сьвет. Надвор’е ў той дзень было выдатнае. Сьпявалі на ўскрайку блізкага лесу птушкі. Адразу перад Бандзі расьсьцілаўся невялікі лужок зь яркімі кветкамі. Траўка на ім была такая зялёная і сакавітая, што ён, убачыўшы такую прыгажосьць, радасна зарохкаў і пачаў весела скакаць ды куляцца ў траве і кветках. Ад захапленьня забыўся пра ўсё. Не заўважыў, як у гэты момант да яго непрыкметна падкраўся самы сапраўдны шэры воўк. Але Бандзі зусім не спалохаўся, убачыўшы яго: не зразумеў, што гэта воўк. Падумаў – вялікі шэры сабака.
– Добры дзень, – ветліва сказаў Бандзі. – Давайце знаёміцца. Я – парасё Бандзі! А вы, напэўна, сябар нашага суседа Шарыка?
– Якога Шарыка? – зьдзівіўся воўк. – Ня ведаю я ніякага Шарыка. А вось смак салодкіх парсючкоў мне знаёмы вельмі добра!
Тут воўк, вышчарыўшы страшныя вострыя зубы, пачаў патроху наступаць на парася. І ў гэты момант Бандзі згадаў пра папярэджаньне матулі. Ён гучна завішчаў ад страху:
– Во-о-оўк!
Нібы мячык, ён рэзка адскочыў убок і рвануў – што было сілы ў маленькіх ножках – дадому. Сэрца беднага парасяці калацілася ад страху, ножкі дрыжалі. Вось ужо перад ім і знаёмы плот. Сабраўшыся з апошнімі сіламі, Бандзі, задыхаючыся ад жаху, шмыгануў у дзірку. Але, на сваю бяду, засеў у ёй. Тут воўк яго за хвосьцік і ўхапіў ды пачаў цягнуць назад. Ад болю Бандзі пранізьліва заенчыў. Марцэля і Пузік, пачуўшы яго, як вокам змаргнуць кінуліся на дапамогу. Ухапіўшы Бандзі за пярэднія ножкі, яны з усёю сілаю пацягнулі яго да сябе. У той жа момант свавольнік разам зь імі кулём пакаціўся па двары. А ягоны хвосьцік так і застаўся ў воўчых зубах. Замест сымпатычнага хвосьціка-завітка ў Бандзі ззаду застаўся толькі маленькі абрубак. Парасяці было вельмі балюча, але матуля клапатліва апрацавала ранку, і боль неўзабаве адступіў.
Мінула некалькі тыдняў. Рана загаілася, а сам Бандзі вельмі зьмяніўся – стаў паслухмяным і рахманым, перастаў свавольнічаць і цяпер ува ўсім слухаўся матулю. Але на гэтым ягоныя прыкрасьці ня скончыліся… Згадаўшы пра былыя крыўды, зь бясхвостага парасяці сталі зьдзекавацца куры. Праз кпіны Бандзі нават перастаў выходзіць у двор. Яму было вельмі сорамна! Тады матуля пашкадавала яго і завязала на месца хвосьціка прыгожанькі белы банцік. Бандзі быў надзвычай шчасьлівы, бо разам зь ім яму далі і новае прыгожае імя – Банцік! З таго часу больш зь яго ніхто не сьмяяўся.