Люлі, люлі, люлечка,
Што ня сьпіш, малюнечка?
Сонейка заснула,
Промнямі махнула,
На пярынку прылягло,
Сьпіць салодка ўжо яно.
Ноч ідзе сівая,
Месік зь неба зьзяе.
Сьпі ж, мой даражэнькі,
Унук мой прыгажэнькі,
А я песеньку сьпяю,
Люлі, люлечкі, люлю.
Позьнім вечарам ціха напявала бабуля калыханку маленькаму хлопчыку. Але яму зусім не хацелася спаць.
– Бабуля, а дзе ж ноччу сьпіць сонейка? – спытаў унук.
Бабуля загадкава ўсьміхнулася і, пяшчотна пагладзіўшы ягоную бялявую галоўку, адказала:
– Калі прыходзіць вечар, чырвонае сонейка заходзіць за небасхіл. Там, за далёкімі лясамі, шырокімі палямі, на самай высокай гары стаіць крышталёвы замак, дзе сонейка чакае братка-месік. І як толькі сонейка кладзецца адпачываць на лёгкую пярыну зь белых аблокаў, месік разам з зоркамі прыходзіць на зьмену яму. Нельга зямлю безь сьвятла пакідаць. Вось ён і зьзяе ў небе да сьвітаньня, пакуль сонейка прачнецца і зноў узыдзе. І так будзе працягвацца зь веку ў век.
– Бабуля, – не супакойваўся малы, – а хто сонейку на ноч калыханку сьпявае?!
– А ты паслухай! – і бабуля адчыніла акно ў летні сад.
Малы ўбачыў кавалачак цёмнага начнога неба зь мігатлівымі гузікамі-зоркамі. Сярод іх ярка зьзяў месік. Хлопчыку раптам падалося, што той яму ветліва падміргнуў. Ён асьцярожна вылез зь цёплага ложка і патупаў да расчыненага акна. Лёгкі ветрык дакрануўся сваім халадком да пухлае дзіцячае шчочкі, быццам вітаючы яго.
Хлопчык прыслухаўся і зьдзіўлена паглядзеў на бабулю.
– А чаму не чуваць песенькі?
Бабуля паднесла палец да вуснаў і адказала:
– Ты можаш пачуць калыханку толькі ў поўнай цішы. Прыслухайся ўважліва…
Малы ўлез да бабулі на калені і, прыціснуўшыся да яе, заціх у чаканьні… Ён баяўся нават варухнуцца, так яму карцела пачуць калыханку. Раптам за акном пачулася ціхае шапаценьне лісьця. Шапаценьне то ўзмацнялася, то нечакана змаўкала, каб праз імгненьне зноў зашамацець. Хлопчыку здавалася, быццам нябачны чараўнік дакранаецца да лісьця, і дрэвы пачынаюць сьпяваць. З шырока расплюшчанымі ад зьдзіўленьня вачыма ён слухаў гэтую казачную мэлёдыю ночы.
Бабуля, ласкава абняўшы ўнука за плечы, ціха спыталася:
– Дык хто ж сьпявае калыханку сонейку?
– Ветрык! – адказаў малы пазяхаючы. Ягоная бялявая галоўка схілілася на плячо бабулі, вочкі заплюшчыліся, і ён салодка заснуў.