З прыходам травеньскіх дзён меская кватэра для Галіны станавілася цеснаю й душнаю. Зьявілася непераадодольнае жаданьне зьбегчы ад мескай мітусьні ў цішу асірацелай бацькоўскай хаты. Кожны год у гэты час яна брала некалькі тыдняў адпачынку й прыяжджала ў родную вёску ў маляўнічай мясцовацьці, блізка ракі Сьвіслач.
Гэты год ня стаў выключэньнем. У першых днях траўня Галіна ўжо парадкавала адсырэлы за зіму дом, палола кветнікі, капала грады. Сягоньня паводле пляну яна бяліла сад. Такім было асноўнае правіла ейнага бацькі – сад вясною мусіць быць прыведзены да ладу! Жанчына з задаволенаю усьмешкаю аглядзела пасьвятлелы, прыбраны сад і, адкрыўшы весьнічкі, выйшла на пустэльную вясковую вуліцу. Каля плоту расьлі некалькі маладых вішняў. Старая вішня, якую пасадзіў бацька ў дзень нараджэньня Галіны, даўно зламалася ў часе ўрагану. Але зьявіліся новыя парасткі, і ўжо некалькі гадоў цьвілі й давалі плады стройныя маладыя вішні.
– Красуні мае! Нявесткі! Зараз пабялю вас і станеце прыгажэй чым былі! – ціха прыгаворвала жанчына, і рупліва вадзіла пэндзлем па роўным тонкім камлям. Скончыўшы работу, яна стомлена села на ўслон пад засыпанымі беласьнежным цьветам галінамі.
Наўкола лунаў лёккі водар вішань, што цьвіл,і даўкі пах чаромхі. Над галавою Галіны гульлі неўтаймаваныя пчолы, што лёталі ад кветкі да кветкі. Лёгкі, цёплы вецер прыемна гладзіў ейны разгарачаны ад працы твар. Жанчына з асалодаю ўдыхнула паветра, што п’яніла водарамі, і заплюшчыла вочы. Але тут, як зь зямлі, перад ёю вырасла суседка Надзя.
– Галка! У нас сёньня сьвята! Юрка, брацік мой улюбёны, прыехаў! Жонка ягоная, царства нябёснае, памёрла, але зь ейнымі дзецьмі ён ня ўжыўся. Вось і рашыў назаўсёды дамоў вярнуцца! – пралапатала яна й пабегла далей, разносіць вёскаю радасную навіну.
Сэрца жанчыны ўсхвалявана забілася. Ейнае першае каханьне да суседзкага хлапчука Юркі так і ня здолела пакінуць душу. Хіба магла яна забыцца пра той салодкі першы пацалунак пад беласьнежнай вішняй? Усё жыцьцё ўспамінала, як у той жа цёплы травеньскі вечар Юрка прыкалоў да ейных чорных, як смоль, валасоў белыя кветкі вішні. А потым нерашуча абняў яе за плечы і прашаптаў на вуха:
– Галка! Якая ж ты красуня! Сапраўдная нявеста! Будзеш мяне чакаць з арміі?
– Я абавязкова цябе дачакаюся, Юрасік! – паабяцала закаханая юная Галя.
Але з арміі Юры не вярнуўся. Прычаравала яго на чужыне маладая ўдава, і застаўся ён служыць на звыштэрміноўцы на далёкім Забайкальлі. Ажаніўся й стаў выхоўваць чужых дзяцей. Ад яго дзіця жонка так і не нарадзіла.
Галіна цяжка перажывала адбытае, але час паступова загаіў раны душы. Міналі годы, аднак яна сваё асабістае жыцьцё наладзіць не змагла. А можа проста не захацела? Усё шукала абранага, падобнага на сваё першае каханьне…
Жанчына прыпыніла ніць успамінаў, паднялася з услону. Але раптам пабачыла хударлявага сьсівелага мужчыну, які ішоў у ейны бок. Ногі яе падкасіліся, і Галіна села назад.
– Здарова, Галя! – павітаў яе мужчына, сядаючы побач.
– Здароў, Юра! Колькі зім і лет мы ня бачыліся? – спытала дрыготкім ад хваляваньня голасам Галіна.
– Амаль сорак доўгіх гадоў! – адказаў мужчына, цяжка ўздыхнушы. – Вось вярнуўся дажываць свой век на радзіму. На чужыне часта начамі сьнілася мне наша вёска, яе травеньскія сады ў цьвеце! Здавалася, што ўсё бачу й адчуваю, быццам наяве! І раптам у адзін момант зразумеў, трэба вяртацца ў бацькоўскі дом. Як жа тут добра!
– Разумею цябе! – адказала Галіна, згодна ківаючы галавою.
У той вечар яны прагаварылі доўга й рассталіся далёка за поўнач.
Але ўжо раніцай зноў сядзелі на ўслоне, пад цьветам вішань.
Юры сарваў белае суквецьце, прыкалоў яго да валасоў Галіны.
– А ты па-ранейшаму прыгожая, Галка! – ласкава, паглажваючы рукой ейныя сьвыя валася, усхвалявана сказаў ён.