Букет для мамы

Ліпень сёлета выдаўся незвычайна гарачым і сухім. Асабліва пакутавалі ад стамляльнае сьпёкі жыхары сталіцы. Кожны дзень з надзеяй яны ўглядаліся ў неба, чакаючы дажджу, які прынёс бы выратавальную сьвежасьць. Але рэдкі дожджык, падаючы на гарачы асфальт, мамэнтальна выпарваўся і напаўняў паветра задушнай важкай вільгацьцю. За працоўны тыдзень места стала падобнае да загазаванага, распаленага каменнага мяшку, зь якога месьцічы імкнуліся выехаць на выходныя. 

Алена сьпяшалася дамоў. Сёньня пятніца, і ўвечары яна зьяжджае з сваёй душнай кватэры на апошнім паверсе панэльнага гмаху ў зацішак бацькоўскай вясковай хаты. Мелася яшчэ адна важкая нагода – у ейнай маці Ганны Аляксандраўны былі народзіны. Алена забегла на хвілінку ў кватэру, дала распараджэньні мужу, і, схапіўшы торбу з падарункамі, выбегла за парог. Апошні аўтобус адпраўляўся з аўтастанцыі а восьмай вечару. Алена з выгодамі ўмайстравалася на апошніх крэслах аўтобуса й, з заплюшчынымі вачыма ўяўляла зьдзіўлены мамін твар, якая чакае яе толькі заўтра. Ды ня здолела б Алена дачакацца суботы, хацелася найхутчэй аддаць падарунак імяніньніцы. Можа хоць гэта яе парадуе. Пасьля раптоўнай сьмерці бацькі мама вельмі зьмянілася. Ходзіць па хаце, як хмара, маўчыць. А зусім нядаўна ўсьмешка не зьнікала зь ейнага твару.

Аўтобус рэзка павярнуў з ажыўленай шашы на прасёлкавую, ціхую дарогу. За акном замільгалі знаёмыя палі, пералескі, удалечыні было відаць бляск воднай роўнядзі ракі. Пазаду ўжо засталося палова дарогі, яшчэ троху й Алена будзе дома.

Раптам рухавік некалькі разоў чмыхнуў, аўтобус торгнуўся й спыніўся.

– Усё, прыехалі! – пасля пільнага агляду, аб’явіў трагічным голасам кіроўца. – Сталі наглуха. Прыйдзецца зь места дзяжурны аўтобус выклікаць. Калі пашчасьціць, то праз гадзіну ён будзе тут.

Такому павароту падзей пасажыры былі ня надта радыя. Пагатоў, што на іх імкліва ляцелі дзьве навальнічныя хмары. Моцны вецер гнаў іх адну на адну. Вось яны сутыкнуліся, і неба над аўтобусам на долю сэкунды расьсекла асьляпляльная, яркая ўспышка. За ёю пасьледваў аглушальны грохат. Шыбы ў аўтобусе задрыжалі. Ад нечаканасьці нехта ўскрыкнуў, заплакала напужанае дзіця. Людзі разгублена глядзелі адзін на адно. Тут пасярод шырокага поля, за некалькі кілямэтраў ад найбліжэйшага паселішча, яны засталіся адны тварам перад стыхіяй.

Па даху аўтобуса зашасталі важкія кроплі дажджу. І тут, за некалькі дзясяткаў мэтраў аўтобуса, суцэльнай белай сьцяной хлынула залева. Яна, нібыта зьлітавалася зь людзей, асьцярожна абыйшла аўтобус стараною й скіравалася да далёкага сасновага лесу, па дарозе прыгінаючы да зямлі сьпелыя важкія каласы жыта. Раптам вецер падхапіў хмары й панёс іх усё далей. Грымоты паступова аддаляліся й скора зусім сьціхлі. Навальніца прамінула.

Пасажыры з палёгкай уздыхнулі й сталі выходзіць з аўтобусу. Алена ступіла на зямлю, з задавальненьнем удыхнула сьвежае п’янае паветра, напоўненага зьмешаным водарам палявых красак, траваў і дажджу. Яе галава троху закруцілася. Яна села на невялікі камень пры дарозе й зь цікаўнасьцю пачала наглядаць спадарожнікаў.

На акрайку поля пажылы мужчына лёг на зямлю й, заклаўшы рукі пад галаву, летуценна глядзеў у неба. На другім баку дарогі парачка юных закаханых, абняўшыся, глядзела на сонечнае кола, што набліжалася да небасхілу. Бабкі-пэнсіянэркі шумна абмяркоўвалі свае дачныя праблемы. 

Апошнімі з аўтобусу выйшла сям’я. На руках бацькі сядзела блакітнавокая, сьветлавалосая дзяўчынка гадоў двух. Яна спалохана разглядалася па баках. Усё наўкола для яе было новым і незвычайным. У ейных выяўных вачах мільгалі розныя эмоцыі: і страх, і зьдзіўленьне, і адначасова захапленьне. Напалоханая навальніцай, малая доўга адмаўлялася злазіць з надзейных татавых рук, але пакуль не прыкмеціла яркія валошкі. 

„Кветачкі!“ – паказваючы на іх маленькім пальчыкам, ускрынула яна. Бацька асьцярожна апусьціў дачку на зямлю й запрапанаваў: „А давай зьбяром букет для мамы“. І ўжо празь некалькі хвілін дзяўчынка горда несла перад сабою букет валошак. Маладая мама, узяла падарунак, пацалавала дачку й, паглядзела на мужа вачыма, зіхатлівымі ад шчасьця.

У гэтым поглядзе было нешта знаёмае Алене. І тут яна ўспомніла сваё дзяцінства, калі бацькі былі яшчэ зусім маладыя. Калі на маміны народзіны бацька ўсаджваў маленькую Аленку на багажнік старое, рыпучае лісапеты, і яны ехалі далёка за вёску, у поле, дзе каласавала высокае жыта, ад крананьня якое ледзь чутно шамацела. Зь бяздонных, чыстых нябёсаў лілася звонкая песьня жаваранка. Аленка стаяла пры бацьку й з захапленьнем слухала дзіўныя гукі прыроды. А потым яны заходзілі далей у поле й зьбіралі блакітныя, падобныя да маленькіх асколачкаў неба, валошкі.

Увечары шматлюдная радня рассаджвалася за сьвяточным сталом. На беласьнежным абрусе, сярод простых вясковых страў, у гліняным збанку, стаяў букет улюбёных маміных кветак. Убраная імяніньніца сядзела на чале стала й, усьмехаючыся, зь пяшчотай глядзела на мужа й дачку.

Звонкі дзіцячы сьмех вярнуў Алену ў рэчаіснасьць. Яна рэзка ўстала й пайшла полем, гладзячы далоньню колкія каласы. Затым яна спынілася й, загадкава ўсьміхаючыся, стала рваць кветкі.

Дзяжурны аўтобус прывёз яе ў вёску зацемна. Алена падыйшла да ганку бацькоўскага дому й настойліва пагрукала ў дзьверы. Некаторы час было ціха, а потым да болю родны голас напужана спытаў: 

– Хто там? 

– Гэта я! – адказала Алена.

Пстрыкнула клямка, дзьверы з рыпеньнем акрыліся, і Алена працягнула зьдзіўленнай маці вялікі букет з васількоў. 

– З народзінамі, матуля! – урачыста прамовіла яна.

– Дзякуй, дачушка! – адказала Ганна Аляксандраўна, цалуючы дачку. На яе вуснах зьзяла шчасьлівая ўсьмешка.