Каля вёскі, у зарослай чаротам і гарлачыкамі старой сажалцы жыло жабяня на мянушку Скок. Ён быў яшчэ маленькім, але не па гадах самастойным. Жабяня ўмела ня толькі высока і далёка скакаць, але і здабываць сабе ежу – камарыкаў і розную дробную заедзь. У адрозьненьне ад ягоных лянівых малодшых братоў, якім ад узыходу да заходу сонца мама і тата бяз стомы насілі харчы.
Жабяняткам жылося сытна і бесклапотна. Увесь дзень ляжалі яны дагары жывоцікамі на вялікім лісьце гарлачыка, пагладжвалі свае тоўстыя сытыя бакі і задаволена квакалі. Жыцьцё было цудоўнае! Гэта так добра, калі ў цябе ёсьць клапатлівыя бацькі! Але за адно імгненьне ўсё скончылася…
На балота прыляцела даўганогая шэрая чапля. Яна ціха стаілася ў чароце, пільнуючы неасьцярожных жабаў. На бяду, ёй трапіліся на вочы бацькі жабянятак. Не пасьпелі дарослыя нават квакнуць, як зьніклі ў дзюбе пражэрлівае птушкі. Скок, убачыўшы гэта, гучна заквакаў, папярэджваючы сваіх братоў пра небясьпеку і, саскочыўшы зь ліста гарлачыка ў ваду, хутка схаваўся ў глыбіні. За ім нырнулі ў ваду і малодшыя браты…
Калі ўсё сьціхла, яны вылезьлі з вады, селі на лісьце гарлачыка і жаласьліва заквакалі:
– Квак-квак, як мы будзем жыць? Хто ж нас будзе карміць?
І толькі адзін Скок па-сапраўднаму перажываў страту мамы і таты. Зь ягоных вялікіх вачэй цяклі горкія сьлёзы… Але сьлязьмі гору не дапаможаш, і як старэйшы брат ён цяпер абавязаны замяніць бацькоў. Такі жабін закон.
Ох і несалодка прыйшлося першы час беднаму жабяняці. Без адпачынку насіў пражэрлівым братам заедзь, а тым усё мала было. Ляжаць днямі на сонейку грэюцца. А бедны Скок да вечара так стамляўся, што лапкі ледзь перасоўваў – цяжка аднаму такую ватагу ратоў накарміць!
У гэтай сажалцы, пад трухлявым карчом, жыў мудры рак-вусач. Шкада яму стала добрае жабяня, параіў яму лянівых братоў навучыць самым ежу здабываць. Але без уменьня высока скакаць жабам ніводнага камара не злавіць! І пачаў Скок братоў скокам у вышыню вучыць. Спачатку яны капрызілі і незадаволена квакалі, нязграбна плюхаючыся з вышыні ў брудную ваду. Але ўжо празь некалькі тыдняў сталі лёгка, як сапраўдныя цыркавыя акрабаты, рабіць у паветры сальта, спрытна хапаючы наляту тлустую заедзь.
Мінуў час… Жабяняты сталі дарослымі – завялі свае сем’і і расьсяліліся па ўсёй сажалцы. Вечарамі вялікае жабінае сямейства ладзіла сапраўдныя канцэрты. Яны так аглушальна квакалі, што ўся рыба ў сажалцы са страху сыходзіла на глыбіню, а рак-вусач хаваўся пад свой корч. Гучней за ўсіх квакаў Скок – галоўны саліст жабінага хору. Заплюшчыўшы вочы, ён атрымліваў асалоду ад свайго голасу!
Але аднойчы зноў прыляцела шэрая чапля. Яна стаілася ў зарасьніку чароту і чакала, калі жабы зьбяруцца на канцэрт. Нічога не падазраючы, Скок першы вылез з вады і сеў на лісьце гарлачыка. Заплюшчыўшы вочы, ён разьдзьмуў шчокі, падрыхтаваўшыся заквакаць любімую песеньку, як раптам пачуў шоргат з чароту. Расплюшчыўшы вочы, заўважыў цень, які кінуўся да яго. Хацеў нырнуць у ваду, ды дзе там – ухапіла чапля дзюбаю за лапку. Бедны Скок, боўтаючыся ў паветры з боку ў бок, гучна заквакаў, папярэджваючы іншых жабаў пра небясьпеку. Тыя ад страху пахаваліся хто куды. Усе, акрамя братоў… Бясстрашна скокнулі яны на сьпіну птушкі і сталі біць лапкамі, гучна квакаючы. Дый рак-вусач прыйшоў сябру на дапамогу – упіўся клюшнямі ў чапліную нагу. Тая ад болю і страху закрычала і выпусьціла зь дзюбы Скока. Плюхнуўся той у ваду і праз сэкунду схаваўся з вачэй. Перапалоханая птушка, скінуўшы са сьпіны жабаў, з крыкам узьнялася ў паветра.
Браты Скока, апамятаўшыся пасьля перажытага страху, селі на беразе і, важна разьдзімаючы шчокі, радасна заквакалі пераможны гімн. І астатнія жабы яго падхапілі! Ды грымнулі так дружна і гучна, што жыхары вёскі перапалохаліся – такога шуму на сажалцы яны ніколі ня чулі. Да сьвітаньня ім не даваў заснуць жабіны хор. Узышло сонца. Стомленыя браты нырнулі ў ваду і, закапаўшыся ў ціну, сьціхлі да вечара. А чапля з тае пары сажалку бокам аблятала – відаць, моцна напалохалі яе адважныя жабы!