Зоя прачнулася рана. Хутка прыгатавала лёгкае сьняданьне й, паглядзеўшы на гадзіньнік пасьпяшалася ў спальню.
Рота пад’ём! Раз, два! – гучна скамандавала яна, стоячы каля ложка, дзе пасапваючы носам, салодка спаў ейны сужэнец Рыгор, вайсковы афіцэр у адстаўцы, ахоўнік буйнога сталічнага банку. Рыгор тут жа порстка ўскочыў, але пабачыўшы жонку, што ўсьміхалася яму, незадаволена прабурчаў:
– Зноў ты з сваімі дурнымі кепікамі! Дай хоць у нядзелю паспаць!
– Рыгорка! А хто абяцаў паехаць з мною ў грыбы? Любіце Ваша Каралеўская міласьць, на Новы год гарэлачку салёнымі груздамі закусваць? Тады будзьце ласкавы зьбірацца! Карэта ўжо чакае на Вас у парозе! Сёньня кірую я, і гэта не абмяркоўваецца.! – дала мужу прыказ Зоя.
Праз паўгадзіны сям’я, наладаваўшы ў багажнік некалькі 15-літровых вёдраў, выехала легкавіком з падворку дачнага дамка.
– Ты б яшчэ валізы на грыбы ўзяла! – з усьмешкай сказаў Рыгор, гледзячы на жонку.
– Чаго разьменьвацца на дробязі, Рыгору! Вось учора Цімох, наш дачны вартаўнік, літраў з трыццаць чорных груздоў назьбіраў. Некалькі разоў за дзень у лес хадзіў. А мы ж удваіх, у дадатак на машыне! За адзін раз шэсьцьдзесят літраў зьбяром і будзем усю зіму салёныя грыбочкі гамаць! – жвава адказала Зоя, упэўнена аб’яжджаючы яміны на дарозе.
– А ён табе не казаў, як летась на сям’ю дзікіх кабаноў натрапіў? Як з сужаніцаю на дубе да цьмянага прасядзеў, пакуль чарада не адышла. Схадзілі ў грыбы – называецца. Уяўляю, які страх яны тады перажылі! Відаць забыўся на той выпадак Цімох. Зноў у лес ходзіць!
Ты жартуеш, Рыгосю, як яны на дуб ускараскаліся? Добра, Цімох, мужчына хударлявы і энэргічны. А вось жонка ягоная – таўстуха цельпукаватая! Яна і падскочыць на месцы наўрад ці зможа. А тут на дрэва ўскараскалася! – засьмяялася ў адказ зьдзіўленая Зоя.
– У экстрэмальнай сытуацыі і не на такое чалавек здольны! Вось я чытаў, што ў Арктыцы, лётнік, пабачыўшы побач з сабою белага мядзьведзя – на крыло самалёта скокнуў. А там вышыня была больш за два мэтры.
– Ох, і фантазэр ты ў мяне, Рыгорка! – расьсьмяялася Зоя. – Ня можа такога быць! Гэта ўсё твае выдумкі!
Вось і месца прызначэньня! Сям’я хутка выгрузілася з машыны, і ўзяўшы ў рукі вёдры і нажы, увайшла ў лес.
– Хлопцы ўлева, дзяўчаты ўправа! – крыкнула Зоя, сьпяшаючыся згубіцца ў глыбіні саснова-бярозавага лесу.
Глядзі, не заблукай! – пачула яна за сьпінай аддалены голас мужа.
Недарэчны жарт расьсьмяшыў Зою. У лесе ж яна выдатна арыентавалася!
Ўсё ж у маладосьці спартовым арыентаваньнем займалася, нават прызавыя месцы брала. Ды калі шчыра, не любіла яна, каб у час грыбабраньня нехта ёй на вуха бурчаў, нават калі гэты нехта – твой горача любімы муж.
Зоя падняла галаву і пабачыла сярод зжаўцелых вяршалін бяроз бяздоннае блакітнае неба. Яна з асалодай, глыбока ўдыхнула непаўторны водар восеньскага лесу, і з захапленьнем прашаптала: – Божа! Якое хараство!
Але пара было брацца за справу. Вось і першыя грузды паказалі з-пад пажухлай травы цёмныя, бліскучыя ад вільгаці, тоўстыя шапкі. А вось яшчэ адна грыбная сямейка, а вось яшчэ і яшчэ…
Вядро ўжо амаль напоўнілася, калі Зоя раптам пачула хруст сухіх галін. Ён быў дзесьці зусім побач. Нехта невідочны, цяжка ступаючы, ішоў у ейны бок.
Рыгору! Ау! – крыкнула гучна жанчына, спадзяючыся пачуць знаёмы голас. Але ў адказ прагучала ціхае рохканьне. Па сьпіне Зоі пракаціўся прыкры халадок. Імкліва ў ейным усхваляваным мозгу мільганула гісторыя вартаўніка Цімоха! Агаломшаная жахам, Зоя замерла на месцы.
Ліхаманкава думаючы пра шляхі для адступленьня, яна з надзеяй агледзелася па баках. Але выратавальнага дубу побач не было. Наўкола расьлі толькі танюткія бярозы ды хілыя сосны.
Хруст пачуўся ўжо зусім блізка. І тут у Зою як чорт панёс – бегла яна лесам, ляцела жанчына хутчэй за вецер, лёгка пераскокваючы цераз купіны. У думках ёй здавалася, што за ёю нясецца чарада дзікіх кабаноў, праз што страх яшчэ больш даваў энэргіі ейным нагам. Вось ужо відаць край лесу. Стомленая сабрала апошнія сілы і быццам вылецела… да сваёй машыны.
Дрыгаткімі рукамі Зоя адчыніла дзьверцы, зашпурнула вядро і, сеўшы за стырно, пачала безупынна сыгналіць, спадзеючыся адпудзіць перасьледнікаў. Але замест іх каля машыны зьявіўся перапужаны Рыгор.
– Ты чаго такі ґвалт падняла? – спытаў ён, гледзячы на бледны твар жонкі.
Пыкаючы ад перажытага страху, Зоя эмацыйна махаючы рукамі, стала расказваць мужу пра тое, што адбылася. Той, выслухаўшы яе, таямніча заўсьміхаўся і, ласкава абняўшы за плечы, вінаватым голасам сказаў:
– Даруй мне, дурню! Наважыўся пакпіць зь цябе і рохкнуў пару разоў. Я ж ня ведаў, што ты ў мяне такая фантазэрка.