Умейце атрымліваць асалоду жыцьця!!!

Воля, скончыўшы звычайныя гаспадарскія справы, стомлена прысела да акна. З апошняга паверху дванадццаціпавярховіку, дзе яна жыла амаль пятнаццаць гадоў, добра праглядаўся невялічкі спальны мікрараён сталіцы.

Кожны год у гэты час двор запаўнялі людзкія галасы. Месьцічы, што ссумаваліся за зіму па чаканым цяпле, выходзілі на двор і, сядалі на сьвежапафарбаваныя лаўкі, тлумна гаманілі, і радаваліся прыходу вясновых дзянькоў. Вось і сёньня стаяла пагода, але ў двары было нязвыкла ціха. Сіратліва стаялі пры броўках, пашыхтаваныя шматлікія легкавікі. Не парыпвалі дзіцячыя арэлі, гушкаючы гаманлівых дзетак. Маладыя мамы не прагульваліся з рознакаляровымі возікамі шэраю стужкаю асфальтавых дарожак. Пустыя пясочніцы і самотныя лаўкі застылі на фоне цьмянай травы, якая чакала пажыўнай нябеснае вады. Толькі адзінокія прахожыя ды гаспадары сабак, зрэдку праходзячы з сваімі чатырохногімі гадаванцамі, ажыўлялі нудны мескі пэйзаж.

Вольга любіла доўга з вышыні назіраць жыцьцё гэтага маленькага кутку места, хоць гэта ўдавалася рэдка. Сям’я, праца, унукі, дача не пакідалі свабоднага часу. А вось яшчэ цяпер яго стала нечакана шмат! Ад гэтае думкі Вольга цяжка ўздыхнула, прабурчаўшы сабе пад нос „пракляты карантын!“. Ён зламаў шматлікія пляны, надоўга закрыўшы ў астрог дамашніх сьцен. Вользе да болю бракавала жывых адносін, мітусьні вуліц, адчуваньня свабоды! Бэтонныя сьцены душылі, адбіраючы душэўную раўнавагу. Яна адвяла маркотны позірк ад спусьцелага надворку і падняла вочы ў неба, прашаптаўшы: „Божа, дай сілы вытрываць усё гэта!“

А неба жыло сваё звычайнае жыцьцё. Яго не турбавалі людзкія клопаты і беды. Яно абыякава мільярды гадоў пазірала на Зямлю. Бясхмарнае і бяздоннае, нібы акіян, яно зьзяла незвычайным блакітам і глыбінёю, уражваючы незьлічоныя пакаленьні людзей сваім халодным, прывабным хараством. Вольга, затаіўшы дыханьне, міжвольна залюбавалася ім… Магія нябеснае сінявы зачаравала яе. Захопленым поглядам Вольга акінула бачны сярод нудных дахаў кусочак чыстага купалу неба. Аблокі зьніклі, расталі ў невідочнай далечыні, каб не перашкаджаць зьзяць залацістаму дыску сонца на чыстым палатне асьляпляльнага блакітнага неба. Вользе, як у гады дзяцінства, раптам падалося, што сонца ветліва ўсьміхнулася ёй. Яна адчыніла акно, запусьціўшы ў кватэру цеплыню красавіцкага дня. Гульлівы вецер патузаў яе курчавыя валасы і нябачным халаднаватым крылом пагладзіў твар.

Вольга прагна ўдыхнула п’янлівае вясновае паветра і радасна ўсьміхнулася. За некалькі мэтрах ад акна праляцела маленькая птушка. Прысеўшы незаўважанай, дзесьці на даху дому, яна засьпявала вясновую сэрэнаду. Самазабыўна і з захапленьнем маленькая птушка дарыла сьвету песьню любові да жыцьця! Вольга з асалодаю слухала птушыную акторку, і баялася нават зварухнуцца. Ёй здавалася, што яна неасьцярожным рухам можа перарваць цудоўны канцэрт, які быў прызначаны сёньня толькі ёй.

— Як жа я раней не заўважала гэтых простых цудаў! — з горыччу ўздыхаючы, думала Вольга. — Ня бачыла незвычайнага хараства неба, не адчувала пяшчотнай цяплыні вясновага сонца, ня радавалася прылёту птушак, якія сваім пяяньнем ажыўлялі мескія бэтонныя джунглі. Усё сьпяшалася, мітусілася стамляючыся да зьнясіленьня ад бясконцых спраў і клопатаў. А толькі тэрба было сказаць сабе: „Спыніся на імгненьне! Агляніся наўкола! Жыцьцё дасканалае, нягледзячы ні на што! І трэба ўмець атрымліваць асалоду ад яго штодня… штохвіліны…!“