Зьніклая ў невядомасьці

Прымескі аўтобус спыніўся на ўскрайку вёскі. Зь яго выйшла маладая жанчына зь цяжкаю торбаю ў руках і скіравалася ў бок старое хаты.

— Ну здарова, родная! — у думках павіталася з хатаю Надзея, адчыняючы ўваходныя дзьверы.

Яна хутка разабрала сумку, і борзда пасьпяшыла ў павець па дровы. Неўзабаве ў печцы заскакалі яркія агеньчыкі. У хаце адразу стала ўтульней і цяплей.

— Выпіць бы з дарогі гарбаткі! — падумала Надзея і, узяўшы вядро, хутка накіравалася да калёнкі. Але ёй не пашчасьціла — калёнка шыпела, аднак вада так і не зьявілася. Прыйшлося ісьці да суседа, мясцовага старажыла, Юрыя Міхайловіча, чый дом стаяў наўскос цераз дарогу. Плоту вакол дзялянкі гаспадар за сваё доўгае жыцьцё ня ставіў, і жанчына проста падйышла да ганку дзе на сонейку грэўся руды сабачка. Пабачыўшы незнаёмку, ён пачала зычна брахаць, і не падпускаў Надзею да дзьвярэй. 

— Дзьядзьку Юры! — пракрычала жанчына, — Вы дома?

— Ага, іду я, іду! — пачуўся з-за дзьвярэй голас, і на ганак выйшаў гарбаваты сівы дзядок.

— Добры дзень! Ці пачастуеце вадзічкаю? — запытала Надзея, працягваючы вядро.

А чаго са сваёй калёнкі не бярэш? — запытаў стары. 

— Дык з вашых рук вада смачнейшая! — аджартавалася Надзея.

Гаспадар схаваўся за дзьвярыма і неўзабаве вынес вядро з чыстаю халаднаватаю вадою. Надзея паднесла вядро да твару і пачала прагна піць. 

— Добрая вадзіца! — удосталь напіўшыся, сказала яна. — Шчыры дзякуй! Да пабачэньня! Дамоў пайду, работы шмат!

— Вы мескія, заўсёды кудысьці сьпяшаецеся. Прывыклі ў мітусьні жыць! А ты б прысела, пагаварыла са старым самотным чалавекам.

— Згода — умалёгалі. Пасяджу з Вамі трохі! — сказала Надзея, сеўшы на лаўцы пры гаспадары.

Дзьядзьку Юры! Чаго плоту ня ставіце?

А нашто? — зьдзівіўся стары. — Што мне за ім хаваць? Дабра за жыцьцё не нажыў. Ні жонкі, ні дзяцей няма, з жыўнасьці толькі сабака Жужа й кошка Буся. А бяз плоту — хараство якое вачам адкрываецца! Сама глядзі!

Вашая праўда! Дом стаяў на пагорку, у доле, куды не паглядзі, цягнуліся ўзараныя палі ўперамешку з пажаўцелымі пералескамі. Бабіна лета было ў самым разгары. Блакітнае бясконцае неба радавала вока, яркае сонца грэла разьвітальным цяплом, паветра п’яніла вострым водарам лістоты.

Хараство ж якое! — прамовіла Надзея, прагна ўдыхаючы восеньскае паветра. 

І тут ейны позірк прыцягнуў чалавек, які ішоў ускрайкам поля каля ўзьлеску далёкага лесу. У руках той трымаў нейкую палку й паварочваўся зь ёй то ўправа, то ўлева. 

— А што гэты чалавек там робіць? — з зьдзіўленьнем спытала Надзея.

— Зараз убачыш! — загадкава адказаў Юры Міхайловіч і вынес з дому вайсковы бінокль. 

Надзея паднесла бінокль да вачэй, адрэгулявала рэскасьць. Цяпер яна магла добра разгледзець прадмет у руках незнаёмца. Гэта быў мэталашукальнік.

Дзівак-чалавек! Ну і што ён там шукае? Поле сто разоў узаранае-перааранае.

— Няпраўда! Знаёмы з гэтым чалавека. Ён зь места прыяжджае. Усю ваколіцу абшкаў і знаходзіў ня толькі ваенныя трафэі, а нават царскія залатыя манэты тысяча васемсот нейкага году.

— Не сьмяшыце, дзядзьку Юры! Скуль у нашым полі маглі ўзяцца царскія манэты? Тут  жа ніхто ня жыў.

— Эх, маладыя! Дрэнна вы гісторыю роднае зямлі ведаеце! Якраз на гэтым полі сто гадоў таму вёска стаяла. Але ў час польска-бальшавіцкай вайны 1919-1920 гадоў палякі яе спалілі. Дзякаваць богу, жыхары жывыя засталіся. Але вёску на месцы пажарышча пастанавілі не аднаўляць. Сталі будаваць дамы троху ў баку, дзе цяпер нашая вёска стаіць. А ў часы Другое ўсясьветнае вайны ў вёсцы вось якое здарэньне адбылася.

У тутэйшых мясьцінах праходзіла гэтак званая партызанская сьцяжына, якая вяла да чыгункі, што прахадзіла за пяць кілямэтраў ад вёскі. Ні адзін нямецкі эшалён тады партызаны пусьцілі пад адхон. Начамі яны заходзілі ў вёску, і жыхары дапамагалі ім. Немцы даведаліся пра гэта, і восеньню 1942 году вёску абклаў атрад карнікаў. Хто ведае, як бы склаўся лёс вёскі, калі б не адна жанчына. 

Адкуль Раіса зьявілася ў вёсцы — ніхто ня ведаў. Маладая ўдава купіла малы дом на ўскрайку вёскі. Выхоўвала дзьвюх дачок, як усе працавала ў калгасе. Але зь мясцовымі дружбы не вадзіла і ў дом нікога не запрашала. Толькі маім бацькам давярала — бо тыя ўмелі язык за зубамі трымаць. Употай уночы да яе ў госьці хадзілі. Расказвалі, што Раіса пры сьвечках ім рэдкую старадаўнюю Біблію чытала. Ня дай бог, хто б даведаўся пра тыя сустрэчы! Бяда б была — бо даваенны час смутны.

Дык вось. Калі карнікі абклалі вёску, Раіса падышла да нямецкага афіцэра і, працягнуўшы ў руцэ Біблію, нешта сказала на ламанай нямецкай. Афіцэр з ухвалай паматаў галавою, і неўзабаве ачапленьне зьнялі. Немцы адышлі, а разам зь імі і Раіса зь дзецьмі.

— А як склаўся лёс Раісы й ейных дачок? — Спытала Надзея.

— Пасьля вайны бацькі спрабавалі знайсьці іх, ды так і не змаглі. Быццам у ваду канулі! — сказаў стары й, цяжка ўздыхнуўшы, зацягнуўся цыгарэтай. 

На зямлю апусьціўся раньні прыцемак. Надзея нясьпешна ішла асьветленай ліхтарамі ціхай вуліцы. У хатах сьвяціліся вокны, дыміліся коміны. Людзі займаліся звыклымі хатнімі справамі. Жыцьцё вёскі плыло сваім парадкам, дзякуючы той, што зьнікла ў невядомасьці.