Вітаю, сястра!

Натальля Іванаўна ўвамкнула кампутар, манітор засьвяціўся блакітным сьвятлом. Чакаючы, пакуль сыстэма канчаткова заладуецца, стомлена адхіліла галаву на высокую сьпінку фатэля. Вочы яе заплюшчыліся, дыханьне стала спакойным і роўным. Нэрвовасьць, што назапасілася за мінулы дзень, памалу адыходзіла. 

Яна любіла гэтыя рэдкія хвіліны спакою. Муж ужо бачыў дзясяты сон і не замінаў вандарваць у сусьветным павуціньні. Ён не ўхваляў захапленьня сужэнцы, часта незадаволена бурчаў на ейны адрас. Сама Натальля Іванаўна радавалася зьяўленьню ў доме кампутару. Яна фактычна адмовілася ад куплі друкаваных кніг, часопісаў, газэтаў. Усё, што яе цікавіла, цяпер можна было знайсьці ў сеціве, якое давала адказы на многія пытаньні.

Расплюшчыўшы вочы, паглядзела на манітор.

– Пра што ж сягоньня цябе распытаць, дружа? – паціраючы рукі, падумала яна. Зараз даведаюся, што новенькага ў сьвеце;

Аднак тут жа перадумала, бо ўспомніла сустрэчу зь цётухнаю Адаю. Самотная, бязьдзетная жанчына, яна даўно перакрочыла 80-гадовы рубеж, з радасьцю прымала яе і, нягледзячы на паважныя хваробы, старалася сьпекчы адзінай пляменьніцы фірмавыя піражкі зь яблыкамі. Ветліва наліваючы пахкую гарбату з чаборам у беласьнежныя парцалянавыя кубкі, вяла нясьпешныя размовы, якія збольшага зводзіліся да скаргаў на здароўе. Але сягоньня, нечакана, цётухна загаварыла пра родных братоў ейнае маці, Фёдара й Ільлю (яна іх называла Хведар і Гальляш) Паляковых, якія загінулі ў часы Другой Сусьветнае Вайны.

– Добрыя хлопцы былі. Хоць зусім малая была, але добра памятаю, як цукеркамі частавалі. Яны ў месьце тады жылі, вышэйшую адукацыю здабывалі, сем’і займелі. Занятыя людзі былі, а таму ў нашую вёску рэдка наведваліся. А калі прыяжджалі, то абавязкова мне й бацьку твайму, валадарства яму нябёснае, ласункаў прывозілі. Але шкада, загінулі на вайне. Баба мая Марыя Герасімаўна, а табе, значыць, прабабка, рана заўдавела. Траіх дзяцей адна гадавала. Ох і плакала, калі пахаронку на малодшага Гальляша атрымала. Дзесьці ў Расеі ён галаву злажыў, быў палкоўнікам артылерыі. 

А з другім Хведарам такая вось гісторыя здарылася. Перад вайной ён дзесьці ў Падмаскоўі ў абкаме партыі працаваў. На форонт яго прызвалі ўжо ў годнасьці падпалкоўніка. Неяк лютаўскай ноччу сорак другога году ён зь сябрам да нас у хату пагрукаўся. Аказалася, у нашых лясах у партызанскім атрадзе ваяваў. У вёсцы немцы стаялі тады. Ох і лютавалі. Колькіх вяскоўцаў за сувязь з партызанамі расстралялі. Радыя мы былі роднага чалавека бачыць, ды ўсё ліхам абярнулася. Схапілі іх раніцай, на узьлеску, калі ў атрад вярталіся. Адвезьлі бедных у Вішнёўку, кілямэтраў за дзесяць ад нас. 

Гаварылі, што жорстка зь іх зьдзекваліся нелюдзі. Расстралялі разам зь іншымі ваеннапалоннымі на ўскрайку тае вёскі. Пахавлі ўсіх у адной магіле. Нас, дзякуй богу, не чапалі. Бабка Марыя так гаравала! Штотыдня на тую магілу хадзіла. А дарога ня блізкая была. Хадзіла пагалоска, што нехта з палону ўцёк. Бабка спадявалася, што гэта сынок ейны. Ды ці мала, што людзі тады гаварылі. Бо больш Хведар так весткі й не падаў.     

Яна, памятаю, пасьля вайны ў Расею, на магілу Гальляшу езьдзіла. Дарога, гаварыла, далёкая была. Зямлі жменю адтуль прывезла і на магілку ў Вішнёўцы высыпала.

– Цётка Ада, – спытала Натальля Іванаўна, – а дзеці ў іх былі?

– Натуральна, ды мы зь іх сем’ямі кантакт згубілі. Раскідала вайна-паганка людзей па сьвеце, як знайсьці?

Натальля Іванаўна, ачулася ад ўспамінаў і хутка набрала тэкст: 

Палякоў Ільля Сьцяпанавіч, палкоўнік, артылерыст, загінуў у Другой Сусьветнай вайне. 

Кампутар неўзабаве выдаў дакладную справаздачу, з датай нараджэньня, гібелі й нумарам захаваньня ў месьце Ржэве, Цьвярское вобласьці. Далёка ад роднае зямлі Гальляша Сьцяпанавіча вайна закінула.

– Аднаго расшукала, – з палёгкай уздыхнула Натальля Іванаўна. – Ну, з другім усё зразумела. Хаця, усё ж набяру прозьвішча: Палякоў Фёдар Сьцяпанавіч, падпалкоўнік, партызан, расстраляны зімою 1942 году ў Беларусі.

Тонкія пальцы нэрвова забегалі па клявішах. Пстрык. Запыт уведзены. Вынік усьцешыў Натальлю Іванаўну. Ужо ў першым радку артыкулу „Памяці загінулых у Вялікай Айчыннай вайне прысьвячаецца“ згадвалася знаёмае прозьвішча, а ў найвышэйшым кутку быў разьмешчаны здымак мужчыны ў вайсковым мундзіры, надзвычай падобнага да ейнага бацькі, Івана Аляксандарвіча. Успомніла, як ейная бабка часта гаварыла: „Ты сыночак, такі падобны да брата майго Хведара“.

Вочы хутка забегалі па тэксьце, не спыняючыся на дрбных падрабязнасьцях жыцьцяпісу. Зьбегаў было поўна.

У пачатку 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя камуніст Фёдар Сьцяпанавіч Палякоў паступіў у Менскі пэдагагічны інстытут. Пасьля заканчэньня адпраўлены на пратыйную работу ў абкам партыі ў Падмаскоўе. У пачатку вайны быў перакінуты празь лінію фронту ў БССР для наладжваньня партызанскай барацьбы ў тылу ворагу. Арыштаваны фашыстамі зімою 1942 году, прыгавораны да расстрэлу. Цудам уцёк з палону. У чэрвені таго ж году быў зноў схоплены падчас апэрацыі карнікаў па разгроме партызанскага падразьдзелу й расстраляны.

Сэрца Натальлі Іванаўны ўсхвалявана застукала. На доле артыкулу стаяў подпіс аўтара – унучкі Палякова Ф. С., Літвіновіч Паліны Браніславаўны, г. Масква. Гэтага больш чым дастаткова для пошуку ў сацыяльных сетках. Яна зайшла ў Фэйсбук, набрала дадзеныя. У стужцы зьявіліся здымкі некалькіх масквічак, але ўзростам пасавала толькі адна й яна, на шчасьце, была ў сетцы.

Натальля Іванаўна хутка набрала паведамленьне:

– Добры вечар, спадарыня Паліна. У інтэрнэце выпадкова прачытала артыкул пра Вашага дзеда, Фёдара Палякова. А Паляковы Марыя й Сьцяпан, выпадкова, не ягоныя бацькі?

Скора прыйшоў адказ:

–Так, так яно й ёсьць. Яны да вайны пражывалі ў Беларусі. У іх яшчэ двое дзяцей было: Валянціна і Ільля. А чаму Вы запыталі пра гэта?

Натальля Івананўна не змагла адразу адказаць. Паверыць у тое, што адбылася, было немагчыма. Затым, сабраўшы думкі, набарала тэкст:

– Я, ўнучка Валянціны. А значыць, Ваша траюрадная сястра.

І пазначыўшы ў паведамленьні дамашні тэлефон з кодам, адправіла яго.

Празь некалькі хвілін азваўся пранізьлівы тэлефонны званок. На другім канцы проваду Натальля Іванаўна пачула ўзрушаны жыночы голас: 

– Вітаю, сястра!