Ужо многа гадоў дзеда Міхала аднавяскоўцы называлі „вялікім жартаўніком“. Прычына была зусім не ў двухмэтровым росьце.
У маладосьці ў сваёй роднай вёсцы ён быў зайсздросным жаніхом. Многія дзяўчаты кохлі па высокім, шыракаплечым, працавітым хлопцу. Кожная марыла за такога выйсьці. А ён абраў у жонкі Басю, сіротку з суседняе вёскі. Ростам невялікага была, затое тварам вельмі харошая. Глянуў Міхал у яе васільковыя вочы й назаўсёды галаву згубіў. Неўзабаве пасватаўся ён да красуні, і пасьля вясельля, пераехала маладая жонка да яго ў бацькоўскі дом.
У вёсцы зь незвычайнай пары пасьмейваліся. А маладыя, нягледзячы на кепікі, жылі душа ў душу. Дом новы пабудавалі, гаспадарку сваю займелі, траіх дзетак нарадзілі.
Ішлі гады, дзеці павыпраўляліся ў места, пакінуўшы бацькоў. Але яны і не крыўдавалі. Хацелі дзецям лепшае долі, адпусьцілі зь лёгкім сэрцам. Работа ў калгасе й на сваім падворку не давалі мужу й жонцы сумаваць. Гаспадарку яны мелі вялікую: куры, індыкі, карова й, вядома, сьвінка. Як жа без свайго сальца й каўбасы абыйсьціся? Часы тады былі Брэжнеўскія, прадуктаў у магазынах было мала. Вось і жылі, разьлічваючы на сваю гаспадарку.
У той год, як заўсёды, купілі яны маладую сьвінку. Мела яна выдатны апэтыт, а таму хутка набірала вагу. Скора ператварылася ў укормеленую, мажную сьвіньню.
Неяк Міхал захацеў з жонкі пакпіць. Намаляваў сьвіньні пячною сажаю над заплыўшымі тлушчом вочкамі чорныя бровы. Потым разрэзаў бурак і нацёр сьвіныя адвіслыя шчокі. Затым вымкнуў у хляве сьвятло ды схаваўся за загородкай загону. Стаў чакаць прыходу жонкі.
Надыйшоў час кармленьня. Бася, нешта вясёлае сабе напявала пад нос, увамкнула сьвятло й сагнулася зь вядром да карыта. У гэты момант ёй у твар сунулася размаляванае рыла. Ад нечаканасьці Бася гучна віскнула, упусьціла вядро. Корм разьліўся па падлозе, заліўшы ёй ногі. Моцна лаючы мужа, выскачала Бася на двор. Міхал не чакаў ад жонкі такога выбуху эмоцыі, на час схаваўся ў сваім прытулак. А як на двары стала ціха, выйшаў, з асьцярогаю аглядаючыся па баках. Хутка нарваў у кветніку букет з красак і пайшоў перапрашаць.
Бася была жанчынай адыходлівай. Пабачыўшы мужа з кветкамі, задаволена ўсьміхнулася, пажурыла лёгка жартаўніка, ды супакоілася. Затым, зноў замяшала камбікорм, адправіла яго ў хлеў сьвіньну карміць, ды наказала ўсе мастацтвы зь сьвіной пысы мокраю анучаю сьцерці.
Ох намучаўся тады Міхал! Не хацела сьвіньня стаяць спакойна. Толькі перад сабою анучу бачыла, кідалася ў бок, пакуль выпадкова ня зьбіла гаспадара з ног. Прызямліўся прама ў гной. Гучна праклінаючы няўклюдную жывёліну, брудны, сьмярдзючы, Міхал выйшаў з хлява. Ад такога відовішча Бася зарагатала да сьлёзаў. А калі супакоілася, дапамагла мужу пераапрануцца, хутка нацепліла лазьню й вымыла яго, як малое дзіця, пахкім мылам.
Наступнага дня ўся вёска сьмяялася зь незадачлівага Міхала. На яго бяду, калі ён па няўдалым прызямленьні выйшаў на двор, галоўная пляткарка, суседка Ганця міма ішла. У дадатак сама Бася, па-сяброўску, ёй усе падрабязнасьці гэтай гісторыі расказала.
З таго дня, зь нейчае лёгкае рукі, Міхала сталі называць „Вялікім жартаўніком“. А сьвіньню гаспадары пакінулі ў спакоі. Так і дажывала яна свой кароткі век у „новым вобразе“, пакуль на каўбасу не пайшла.