Многа часу мінула з заканчэньня Сусьветнай вайны, але шнары, што пакінула яна на душах людзей, не загойваюцца да сягоньня. Колькі вайна забрала людзкіх жыцьцяў і паламала лёсаў! Нават тыя шчасьліўцы, якія выжылі ў крывавых жорнах, вярнуліся дамоў з траўмаванаю псыхікаю. Здавалася, радуйцеся, людзі, жывеце, але мінуўшчына не адпускала! Начамі сьніліся абліччы загінулых сяброў, у вушах гуў бразгат танкавых тракаў, чуліся рэзкія гукі выбухаў і крыкі раненых. Нехта з франтавікоў знаходзіў супакаеньне ў працы, нехта ў алькаголі, а хтосьці ў жаночых абдымках. Згаладнелыя за часы вайны, жанчыны пажадліва гляделі на мужчынаў, што вярнуліся з вайны. Часам такіх шчасьліўцаў вярталася ўсяго толькі пару чалавек на колькі навакольных вёсак. Самотныя жынчыны, удовы й незамужнія дзяўчаты з зайздрасьцю глядзелі на жонку франтавіка. І было ня важна, што той вярнуўся інвалідам, галоўнае – жывым.
Франтавік станавіўся аб’ектам пільнае ўвагі з боку жанчынаў. Цішком ад жонкі, зазывалі яго суседкі ў госьці на чарку. І, засумаваўшы па мужчынскай ласцы, даверліва аддаваліся ў моцныя мужчынскія абдымкі, аддаючы назапашаныя за гады вайны пяшчоты й каханьне.
Рэдка хто з мужчынаў мог выстаяць перад спакусай і чараўніцтвам жанчынаў. Жонкі ведалі пра прыгоды мужоў, але баяліся ім пярэчыць: бо ў гаспадарцы без мужчынскіх рук у паваенныя годы было, ох, як цяжка!
Вярнуўся з вайны ў сваю родную вёску й Захар. Да прызыву ў войска ён працаваў конюхам, і па вяртаньні зноў пайшоў у калгас. Мужны, шыракаплечы малады мужчына быў на дзіва гожы. Вайна пашкадавала яго – сур’ёзных раненьняў ён не атрымаў, толькі некалькі шнараў на твары ды троху, лезь прыкметна, кульгаў. За чатары гады вайны ён схуднеў, яго твар змарнеў, засівераў, але на ім як і раней, зьзялі вясёлым аганьком вялікія блакітныя вочы. Гледзячы ў іх, дзяўчыны гублялі галаву. Але сэрца сваё ён аддаў Зосі, юнай красуні з суседняе вёскі.
Пасьля вясельля жылі маладыя ў бацькоўскім доме мужа. Зося была вельмі руплівая, усякая работа ў ейных руках спорылася. Адно за адным нарадзіла дваіх дзяцей. Здавалася, усё ў іх сям’і ладзілася, калі б на Захара жанчыны не заглядаліся. А ён і не адмаўляўся ад такой увагі, жаднай спадніцы міма не прапускаў. Гуляў і не глядзеў, што сям’ю мае. Так аднойчы ўпала яму на вока ўдава з суседняе вёскі.
Прыгожая была, чартоўка, гарачая й да мужчынаў прагная. Самагонку добрую ганала, моцную… Звабіла Захара, ды так іх грэшнае каханьне закруціла, што неўзабаве тая ўдава зацяжарыла. Напужалася яна не на жарт. Калі праўда адкрыецца – зганьбіцца на ўсю ваколіцу.
Падумала удава, сабрала клункі свае й, употай ад людзей і каханка, уноччы зь вескі ўцякла. Адправілася яна ў места да роднай сястры. Там акруціла старога ўдаўца-франтавіка, пабралася зь ім шлюбам. Сына нарадзіла. Муж прызнаў дзіця й даў сваё прозьвішча.
Захар гойсаў па вёсцы, выпытваў пра ўдаву всякоўцаў, але ніхто нічога так і не адказаў яму. З таго часу нібы чорт у яго пасяліўся. Запіў страшна, біць жонку стаў. Бывала, што на вачах дзяцей нагамі біў. А тая трывала й пакорна маўчала. Апраўдвала мужа перад дзецьмі й бацькамі: „Гэта ўсё вайна вінаватая! Душа яго параненыя ўсё яшчэ баліць! Таму, бедны, і п’е!“
Міналі годы. Захар апускаўся ніжэй. Гарэлка тлуміла яго галаву да баспамяцтва. Напіваўся так, што вяртаўшыся з папойкі, падаў дзе-небудзь і качаўся, пакуль жонка зь дзецьмі яго дамоў не дацягнуць. Зося цярпліва здымала запэцканае адзеньне з мужа, у ложак укладвала: а наступнай раніцай несла расол. І за ўсе гады такога жыцьця ніразу ня вымавіла Захару й слова папроку.
Аднойчы зімою Зося трапіла зь цяжкім запаленьнем лёгкіх у больніцу. А Захар пасьля чарговай гулянкі, позьнім вечарам вяртаўся нападпітку дамоў. Аступіўся, упаў на сёлавай дарозе й заснуў. Толькі раніцай знайшлі яго непрытомнага на абочыне. Адвезьлі ў больніцу, часткова ампутавалі пальцы абедзьвюх рук. Калі ацяміўся ад наркозу, побач сядзела бледная Зося. Яна зь пяшчотаю глядзела на яго. Гладзячы ласкава па галаве, прыгаварвала: „Бедны ты мой!“
З больніцы выйшлі яны разам. Зося, пасьля тае бяды спадявалася, што муж возьмецца за розум. Але нічога не памянялася. Стала яшчэ горай. За пьянку выгналі Захара з канюшні, і прыйшлося беднай Зосі цягнуць важкую працу ня толькі ў калгасе, але й дома. Яна стала замест мужа касіць, араць, мяхі цягаць. Ды яшчэ дома ўсё на ёй: гатаваньне, праньне, погляд свойскай жывёлы. Круцілася, як вавёрка ў коле. Да ложка ледзь даходзіла. Падала як падкошаная, бясь сілаў засынала.
У вёсцы Зосю за дабрыню й працавітасьць паважалі, але ад мужа й слова добрага ня чула. Аднойчы ў месьце Захар сустрэў сваю былую кахнку. Зноў быццам звар’яцеў: стаў клясьці жонку, жадаў ёй сьмерці, маўляў, усё жыцьцё яму сапсавала. Потым сабраў рэчы й зьехаў у места. Пайшоў на кватэру каханкі, якая нядаўна пахавала свайго мужа. Але тут не ўжыўся з сваім сынам. Той не прызнаў бацьку-выпівоху й выставіў проч.
Вярнуўся Захар да сваёй жонкі. Тая моўчкі сустрэла яго. Яму здавалася, што ўсё было як заўсёды, але Зося за час яго адсутнасьці заўважна зьмянілася – схуднела й аслабела. Неўзабаве лекары паведамілі пра страшны дыягназ!
Бледная Зося, бясьсільная, ляжада перад Захарам на бальнічным ложку. Ён асьцрожна змочваў жонцы сухія губы мокрай ваткай, якую ледзь трымаў куксамі пальцаў. Яна глядзела праз мужа. Часамі да яе вярталася прытомнасьць, і Зося старалася працягнуць да Захара руку. Ён асьцярожна браў дрыготкімі рукамі яе халодную далонь і падносіў да сваіх вуснаў.
„Зосенька, мілая, калі ты чуеш мяне! Даруй старому дурню, за гора, што я табе зрабіў! – рыдаючы, гаварыў ён. – Ня кідай мяне! Як я цяпер безь цябе жыць буду!“
Вусны Зосі ў апошні раз прыадкрыліся, і яна лезь чутна прашаптала:
– Бедны ты мой!