Будзь шчасьлівая, дочухна!

Уладзімір Генадзевіч быў сягоньня шчасьлівы. Ён аддаваў замумж старэйшую з дачок Анастасьсю. Вясельная цырымонія троху затрымлівалася, і запрошаныя госьці разыйшліся па ўтульным фае ЗАГСу. Бацька нявесты скарыстаўся паўзаю, сеў у баку, назіраючы гасьцей.

Убраныя ў пышныя сукенкі жанчыны з загадкавымі усьмешкамі шушукаліся, пазіраючы на жаніха. Мужчыны ў строгіх элеганцкіх гарнітурах з захапленьнем і зайздрасьцю паглядвалі на красуню нявесту. 

Шматлікія сябры маладых шумна перамаўляліся. 

У баку ад усіх, узяўшыйся за рукі, стаялі нявеста й жаніх. Урушаны жаніх глядзеў натхнёныміі вачыма на расчырванелую, зьбянтэжаную нявесту. А тая, з букетам беласьнежных ружаў у руках, дарыла яму ў адказ пяшчотны, закаханы позірк. 

Бацька міжволі замілаваўся дачкою. Якая яна прыгожая пад белым воблакам вэлюму! Як белая сукенка, аблягаючы стан дзяўчыны, падкрэсьлівала ейную грацыёзнасьць і хараство. Удалы макіяж і зачасаныя ў прыгожую фрызуру валасы зрабілі яе падобнай да казачнай сінявокай прынцэсы. 

Дый жаніх самавіты: высокі, сьветлавалосы з блакітнымі, добрымі вачыма на прыгожым твары. Трыццаць гадоў хлопцу яшчэ няма, а пасьпеў і кватэру, і машыну купіць. Рабацяга. А галоўнае – Насту вельмі кахае. 

Радавацца б Уладзіміру Генадзевічу – у надзейныя рукі дачку аддае. Але ўсё роўна трывожна бацькаву сэрцу. Колькі прыяцелек дачкі пасьля раскошных вясельляў, нават колькі гадоў не пражылі ў шлюбе, пасьпелі разьвесьціся. Ну чаго ім, думаецца, бракавала? Жытло асобнае, грошыкі вадзіліся й мужоў добрых знайшлі, дзяцей нарадзілі. Жывеце – радуйцеся, а не – паразыходзіліся. Распаліся сем’і, і гадуюць маладыя мамкі дзетак самі. Безбацькоўства пры жывых татках. Відаць ня даў ім бог моцнага, сапраўднага пачуцьця. А можа сягоднняшняя моладзь кахаць развучылася?

Ад невясёлых думак адцягнуў яго увагу дзявочы сьмех. Гэта падыйшлі да нарачоных малодшыя сёстры нявесты, блізьняты Адарка й Маруся. 

Сьмяюцца й какетліва пазіраюць на сяброў жаніха. Можа сьледам за старэйшаю й яны вясельлі згуляюць. Справа ж маладая…

Бацька зноў паглядзеў на Насту. Як жа яна падобная да яго любай жонкі Ганці! І ўспомніў ён, як дваццаць пяць гадоў таму прывёз з радзільні маладую красуню жонку з нованароджанаю Настусяю ў цесны пакой старога заводзкага інтэрнату. Як цярпліва выходжвалі малую дачушку, з трывогаю прыслухваліся начамі да слабога дыханьня. І было чаго турбавацца! Бо лекары не давалі надзеі, што малая, народжаная раней за належны тэрмін, выжыве. Але бацькоўскі клопат і любоў перамаглі. Нягледзячы ні на што, выгадавалі дзяўчыну, вырасьцілі, высокую адукацыю далі, цяпер стаіць перад Уладзімірам Гендзевічам старэйшая дачкаў у росквіце свайго хараства, узрушаная і прыгожая.

Раптам урачыста грымнуў вясельны марш Мэндэльсона. Уладзімір Генадзевіч ад нечаканасьці ўздрыгнуў і паглядзеў на дачку. Анастасься рашуча ўзяла пад руку жаніха й замерла, затаіўшы дыханьне. Яе твар зьзяў ад шчасьця. Вось дзьверы сьвяточнае залі разнасьцежыліся, і пайшла Наста з будучым мужам у новае жыцьцё, сямейнае. 

– Дабраслаўляю цябе, дочухна! Будзь шчасьлівая! – усхавалявана прашаптаў сьледам бацька і непрыкметна змахнуў сьлязу.

– Няхай будзе так!