У мескім двары, побач зь дзіцячаю пляцоўкаю, расла высокая бяроза. Кожную вясну зь бярозавых пупышак праклёўваліся пяшчотна-зялёныя ліпкія лісточкі. Ласкавы вясновы вецер гладзіў іх і, асьцярожна хістаючы галінкі, напяваў калыханку, яркае сонейка сагравала сваім цяплом, а вясновыя дажджы клапатліва мылі. Лісточкі хутка расьлі, і ўжо да пачатку лета бярозу ўпрыгожвала шапка з густога зялёнага лісьця.
Толькі вось лета пралятала хутка, і яму на зьмену прыходзіла чараўніца-восень. Сваім цудоўным пэндзьлем яна размалёўвала лісьце ў жоўты колер, робячы бярозку падобнаю да казачнае прынцэсы ў залатой кароне.
Недаўгавечнае было гэтае хараство. Налятаў пранізьлівы вецер і бязьлітасна зрываў зь беластвольнае прыгажуні лісьце. Жоўтымі матылькамі яно кружылася ў паветры ў сваім апошнім танцы і, упаўшы на зямлю, навечна заціхала. Бярозка па-мацярынску працягвала да іх свае галінкі, але лісточкі не маглі ўжо вярнуцца. Затым наступалі зімовыя халады, і дрэва засынала глыбокім сном да прыходу цёплых дзён. Так працягвалася з году ў год. Такі закон прыроды…
Гэтаю вясной усё было як звычайна. Бярозка прачнулася пасьля зімовага сну, і зь ейных лопнутых пупышак на сьвет выглянулі маладзенькія цікаўныя лісточкі. Колькі іх было на галінках – не зьлічыць! Нованароджаныя лісточкі весела шапацелі, радуючыся зьяўленьню. Усе, акрамя аднаго: таго, што рос на самай верхавіне.
Ён чамусьці ўвесь час дрыжаў.
– Што з табою? Ты захварэў? – запыталася бярозка.
– Страшна мне, баюся, што вецер ад галінкі адарве! – адказаў спалоханы лісьцік.
– Баязьлівец, баязьлівец! – сьмяяліся зь яго браты-лісточкі і ціха шамацелі ад дакрананьняў ветру. За лета лісьцік вырас і стаў дарослым. З вышыні ліст любаваўся хараством навакольнага сьвету і наіўна думаў, што так будзе заўсёды. Але дні станавіліся карацейшыя, а ночы – даўжэйшыя і халаднейшыя: набліжалася восень. Далікатная зеляніна лісточка зьмянілася на жоўты колер. Ранішнія замаразкі, нібы сівізною, пакрывалі яго шэраньню. Дрыжучы ад холаду, ліст цягнуўся да сонейка, і яно клапатліва сагравала яго. Але наступілі непагодныя дні, і сонейка зьнікла за шэрымі хмарамі. Моцныя парывы ветру бязьлітасна тузалі галіны бярозкі. З вышыні ліст назіраў, як ягоныя браты-лісточкі падаюць і падаюць на мокрую зямлю.
Прыйшоў лістапад – самы пахмурны месяц восені. Абложныя дажджы змылі з усіх дрэваў у акрузе лістоту, і толькі на самай верхавіне бярозы зацята трымаўся самотны жоўты ліст. Вецер вельмі злаваўся на яго і ўпарта разгойдваў верхавіну дрэва, стараючыся сарваць непакорнага. Замярзаючы, безабаронны ліст ад непагадзі слабеў з кожнаю гадзінаю.
Аднойчы раніцаю вецер нарэшце разагнаў сьвінцовыя хмары – і на чыстым блакітным небе зазьзяла сонейка. Злы вецер сьціх. Лісточку ў той момант здалося, што зноў вярнулася лета. Жадаючы крыху сагрэцца, ён радасна пацягнуўся да сонейка і… сарваўся з галінкі.
Нібы лёгкі жоўты матылёк, павольна кружачыся ў паветры, ён паляцеў насустрач невядомасьці. У гэты час на дзіцячай пляцоўцы бавіўся маленькі хлопчык. Заўважыўшы, як падае ліст, ён падняў угару ручкі і крыкнуў:
– Не палохайся – я злаўлю цябе!
Ліст сабраў рэшту сілаў і прызямліўся ў цёплую дзіцячую далонь.
– Я злавіў лісточак! – радасна ўсклікнуў хлопчык, паказваючы яго маме.
– Малайчына, сынок! – адказала мама. – Табе вельмі пашанцавала. Гэты бярозавы лісточак – апошні ліст восені. Якім жа трэба быць моцным і адважным, каб да гэтае пары на дрэве ўтрымацца! Яго трэба абавязкова захаваць. Ён гэта заслужыў.
Ліст высушылі, акуратна наклеілі на кардон і ўставілі ў рамку. А карцінку павесілі над ложкам хлопчыка ў сьветлым утульным пакоі.
Прыйшла суровая зіма. На вуліцы была завіруха і завываў вецер. Ён са злосьцю грукаў у акно дзіцячага пакою, кідаючы ў шкло калючы сьнег. Але ліст ветру больш не баяўся. Яму было спакойна і радасна. Жыцьцё ягонае – насуперак законам прыроды – працягвалася.